Бахмут цяпер – месца самых інтэнсіўных баявых дзеянняў падчас вайны ва Украіне. Нягледзячы на пастаянныя абстрэлы, у горадзе яшчэ жывуць людзі. Ратавальнікі там працуюць у тых жа ўмовах, што вайскоўцы: кожны дзень рызыкуюць жыццём. «Белсат» паразмаўляў з бахмуцкім выратавальнікам пра працу, страх смерці і нязломнасць.
Аляксандр Жылінкоў – 40-гадовы камандзір аддзялення пажарных ратавальнікаў 47-й Дзяржаўнай пажарна-выратавальнай часткі у складзе Дзяржаўнай службы надзвычайных сітуацый Украіны (ДСНС). Ён жыве ў Бахмуце ад нараджэння, працаваў выратавальнікам яшчэ калі ў 2014 годзе пачалася вайна на Данбасе. Тыдзень таму яго вывелі з Бахмута, цяпер ён у Дняпры. Выратавальнік упэўнены, што за тыдзень у Бахмуце мала што змянілася, абстрэлы працягваюцца.
Горад скалечаны, але жывы
Да пачатку поўнамаштабнай вайны ў Бахмуце пражывала каля 70 тысяч чалавек, у сёлах вакол горада (Атраднае, Зайцава, Кляшчаеўка і іншыя) яшчэ каля 30 тысяч. Цяпер, кажа Аляксандр, у Бахмуте засталося каля 10 тысяч жыхароў, у вёсках – амаль нікога. Калі ў горадзе яшчэ стаяць будынкі, то ў вёсках ад дамоў амаль нічога не засталося.
Расейскія войскі спрабуюць узяць Бахмут у акружэнне, але беспаспяхова. Горад і наваколле абстрэльваюць кожны дзень з перапынкамі на гадзіну-дзве. У дамах няма святла, газу, вады.
«Адчуванне вайны там не знікае, – распавядае Аляксандр Жылінкоў. – Кожныя пяць-дзесяць хвілін ты чуеш стрэлы, працу артылерыі, як нашай, так і іхнай. Гэта ўжо колькі, чатыры месяцы? І раней яшчэ было не так моцна, цяпер інтэнсіўнасць узрасла».
Але горад жывы. Ёсць трасы, па якіх, як кажа наш суразмоўца, можна «выскачыць і заскочыць» у Бахмут. У горад завозяць прадукты і медыкаменты, працуюць «на генератарах і сіле духу» нешматлікія крамы і аптэкі. Аляксандр разважае: а што рабіць, калі ў горадзе застаецца шмат людзей?
«Не толькі бабулі і дзядулі, – распавядае ён пра тых, хто застаецца у Бахмуте. – Даволі шмат дзяцей, там маладыя сем’і ёсць. Цяжарныя жанчыны яшчэ ёсць, нават так. Хтосьці не хоча выязджаць таму, што няма куды ехаць: няма родных і блізкіх, няма прыстанішча ніякага, а яны не могуць адважыцца даверыцца грамадству. Валанцёры ім прапануюць выехаць, а яны баяцца. Ёсць людзі, якія кажуць: “Як я паеду, калі гэта ўсё маё?”».
«Яны перасталі баяцца, у іх сышло пачуццё страху вайны за гэты час», – кажа Аляксандр пра жыхароў Бахмута.
У мясцовых сфармаваўся светапогляд, не падобны да таго, што ў больш мірных гарадах, адзначае ён. Калі ва ўмоўна мірных гарадах не на лініі судакранання ідуць ракетныя абстрэлы, людзі з’язджаюць у больш бяспечныя раёны або за мяжу. У Бахмуце ж настолькі замацавалася меркаванне «гэта мая зямля, я адсюль не з’еду», што людзі перасталі не проста баяцца вайны, але нават сыходзіць у сховішча падчас абстрэлаў.
Цывільныя ўжо добра адрозніваюць па гуку танк ад бронемашыны і 120-й калібр ад 150-га, могуць зразумець, адкуль і куды страляюць. Але гэтая бясстрашнасць моцна ўскладняе працу і ратавальнікаў, і вайскоўцаў. Страты сярод цывільнага насельніцтва штодзённыя.
Да незгаральнага гарнітуру дадалася бронекамізэлька
Праца ратавальнікаў і ў мірны час небяспечная, але на лініі сутыкнення зусім іншы ўзровень небяспекі. Ім даводзіцца выязджаць проста пад абстрэламі – магчыма, хтосьці застаўся жывы. Пагроза рэальная: адзін з сяброў-калег Аляксандра загінуў, іншыя атрымлівалі раненні, кантузіі.
«Я лічу, што хлопцы, якія працуюць у Бахмуце, сапраўдныя героі, – кажа Жылінкоў. – Сіла духу, мужнасць, я не ведаю, стрыжань такі баявы… Я не маю на ўвазе сябе, я пра хлопцаў, якія там дагэтуль застаюцца».
«Складанасць працы ў тым, што ты разумееш: кожная секунда можа быць апошняй секундай у тваім жыцці», – тлумачыць ён становішча бахмуцкіх ратавальнікаў.
Псіхалагічна цяжка яшчэ і праз тое, што выратавальнік пастаянна бачыць, якія разбурэнні прыносяць расейскія абстрэлы. Ён апісвае: гэта не ямка ў паўметра глыбінёй, гэта пяціпавярховы дом складваецца ад авіяўдару, гэта ў трох дамах вылятаюць лесвічныя маршы ад удару «Смерчу». Чалавек, які гэта пастаянна бачыць, разумее: калі прыляціць па іх, выжыць будзе праблематычна. Каб працаваць, трэба шмат сілаў, каб гэта «пераварыць» і перадужаць, накіраваць думкі ў патрэбнае рэчышча.
У частцы працуюць праз суткі, змены па 10 чалавек. Выезды ёсць кожны дзень, ў нейкія дні выратавальнікі не могуць заязджаць у частку цэлыя суткі. Мабільная сувязь працуе хіба што на ўскраінах горада, а ў Бахмуе Вопытным не ловіць, таму бывае, што пра здарэнні распавядаюць асабіста: звяртаюцца ў частку і кажуць, дзе што здарылася.
«Цывільных» надзвычайных сітуацый практычна не засталося – толькі звязаныя з вайной. Катоў з дрэў бахмуцкія ратавальнікі ўжо не здымаюць, амаль уся праца звязаная з дапамогай мірным жыхарам у сувязі з наступствамі расейскай ваеннай агрэсіі. Хіба што дом загарыцца ад іскры з буржуйкі, але такіх выклікаў 1%.
Тэхнічна тушэнне пажараў адбываецца аднолькава і ў мірны, і ў ваенны час. Хіба што ў ваенны час да экіпіроўкі дадаліся бронекамізэлькі і каскі, дадатковыя аптэчкі, турнікеты, а пажарныя машыны засталіся звычайныя. Аляксандр распавядае: нібыта выходзіш у бронекамізэльцы і касцы, але сядаеш у машыну, якая прастрэльваецца любым калібрам і прабіваецца любымі аскепкамі.
Ды і пажарная частка – не ўмацаваны бункер, а звычайнае будынак, які ўжо чатыры разы трапляў пад абстрэл. Нейкім цудам ад гэтых абстрэлаў ніхто з ратавальнікаў не пацярпеў.
Валанцёры дапамагаюць ратавальнікам з прадуктамі, тэхніку і рыштунак давалі Канада і Нямеччына. Але тэрмін службы той жа вопраткі пажарнага «зменшыўся ў тысячы разоў»: берцы, крагі, незгаральныя касцюмы і каскі хутка робяцца непрыдатнымі праз ваенныя умовы, а ўзімку яшчэ хутчэй, прасушыць рэчы праблематычна. Аляксандр марыць, каб дапамога была не аднаразовая, а рэгулярная.
«Пастаянныя разборы канструкцый, дзесьці зачапіўся, дзесьці падзёр, – скардзіцца ён. – На каленях пастаянна даводзіцца поўзаць, у вузкіх праёмах завалаў шукаць людзей. Уся вопратка вельмі хутка зношваецца».
Ёсць страх смерці, няма страху перад ворагам
Пачатак поўнамаштабнай вайны не быў для бахмуцкіх ратавальнікаў «як снег на галаву»: вайна на Данбасе ішла ўжо восем гадоў. Аляксандр успамінае: працавалі пад абстрэламі ў Светладарску і Міронаўцы ў актыўную фазу «той вайны», вывозілі людзей з дэбальцаўскага катла. Калектыў сфармаваўся яшчэ ў тыя часы.
З выратавальнікамі працуюць штатныя псіхолагі, аказваюць дапамогу. Выратавальнікаў адпраўлялі на рэабілітацыю ў санаторый ДСНС у Адэсе. Аляксандр Жылінкоў просіць абавязкова сказаць і пра дапамогу ад начальства: падпалкоўнік Яўген Еўтушэнка – «самы лепшы начальнік, што можа быць». І ўзгадаць намесніка начальніка – капітана Мікіту Нядзельку. Гэтыя два чалавекі, кажа Аляксандр, сваім прыкладам з’ядналі пажарную частку. Лідэрства не толькі на словах: калі палкоўнік сядае ў машыну з шэраговым пажарным і працуе нароўні з ім, гэта выклікае павагу.
Не было думак, што Бахмут трэба пакінуць, вывезці людзей і здаць руіны расейскім войскам? Недарэчнае пытанне. Аляксандр адказвае: «Не, вядома».
«Усе людзі, якія цяпер знаходзяцца ў Бахмуце, гэта патрыёты сваёй краіны, патрыёты, перш за ўсё, свайго горада нават», – кажа ён.
«Вось уявіце: людзі за дзевяць месяцаў гэтай вайны ўбачылі – колькі гора, бяды і смерці прынесла Расейская Федэрацыя, – распавядае выратавальнік. – Любая станоўчая размова аб гэтай краіне або аб тым, што ёй трэба штосьці аддаць, у чымсьці саступіць, прыводзіць у абурэньне любога з нас. Як і любога вайскоўца, я думаю».
Аляксандр Жылінкоў упэўнены, што ўва ўсіх бахмуцкіх выратавальнікаў ёсць страх смерці, які вельмі цяжка перажыць, але няма ніякага страху перад ворагам. Усе разумеюць: «Кожны кавалачак гэтай зямлі наш». У гэтым, лічыць ён, і ёсць іх сіла, незламність.
Алесь Наваборскі / АА belsat.eu
The post Як працуюць выратавальнікі ў Бахмуце – самым гарачым месцы вайны, дзе кожная секунда можа быць апошняй appeared first on belsat.eu.
#Беларусь
Comments
No comments yet. Be the first to react!