У Беларусі дэпутаты разглядаюць законапраект, які прадугледжвае смяротнае пакаранне за здраду дзяржаве. Закране гэты артыкул галоўным чынам вайскоўцаў і чыноўнікаў. Эксперты ж сцвярджаюць, што здраду дзяржаве трэба чытаць як здраду рэжыму і яго правадыру. «Белсат» высвятляў, што сталася прычынаю для ўвядзення такой адказнасці ў краіне.
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у першым чытанні ўхвалілі законапраект, які прадугледжвае змены кодэксаў крымінальнай адказнасці. Змены пашыраюць смяротнае пакаранне за такія злачынствы, як здрада дзяржаве з боку дзяржслужбоўцаў або вайскоўцаў. Прапаноўваюць дэпутаты таксама пашырыць адказнасць за дыскрэдытацыю краіны, дыверсію і прапаганду тэрарызму.
Улады Беларусі кажуць, што такія захады дапамогуць выяўляць і супрацьдзеяць экстрэмізму і тэрарызму. Беларускія аналітыкі мяркуюць, што насамрэч Аляксандр Лукашэнка проста не можа затармазіць з рэпрэсіямі.
«Калі рабіць рэтраспекцыю, то можна ўзгадаць часы, калі ён намагаўся быць папулістам, калі вёў перамовы з Захадам, а ў краіне была адліга. Але 2020 год адсек гэта ўсё як сякерай. Бо высветлілася, што неабходнага электаральнага падтрымання няма і Лукашэнка разгубіўся. Быў момант, калі ён сцвярджаў, што, маўляў, пачакайце, я хутка сыду, пераседзеў ужо ва ўладзе. Але даволі хутка ён пра гэта забыўся, бо пабачыў, што сілавікі, ці «красаўцы», як ён іх называе, праз гвалт дапамаглі яму ўтрымаць уладу. Ён пераканаўся, што гэты інструмент даволі добра працуе, таму можна яго пакласці ў аснову існавання рэжыму», – кажа ў размове з «Белсатам» Аляксандр Класкоўскі, палітычны аналітык праекту @pozirkonline.
Эксперт дадае, што апошнія два гады пасля разгрому масавых пратэстаў прайшлі пад знакам умацавання гвалту ў краіне. А сёння мы бачым апафеоз гэтага гвалту. Але цяпер паралельна Лукашэнка застрашвае і сваіх. Прычым узяўся як за цывільных чыноўнікаў, так і за людзей у пагонах. Аляксандр Класкоўскі выказвае меркаванне, што ў Лукашэнкі цяпер няма даверу і спадзяванняў на тое, што гэтыя людзі будуць служыць рэжыму, правадыру, з нейкіх ідэйных перакананняў, хоць ён і любіць разважаць пра ідэалогію.
Таксама Лукашэнка адчувае, што не дадалося любові народнай, бо ад дручкоў яе ніколі не можа дадацца. Да таго ж, звяртае ўвагу палітычны аналітык, эканоміка працягвае падаць, а на гэтай глебе таксама можа расці незадавальненне. Не самыя спрыяльныя для Лукашэнкі і вонкавыя чыннікі. Тут і Масква цісне са сваім патрабаваннем уступіць у вайну. Ды і сама вайна вельмі неспрыяльная ў тым ліку для рэжыму Лукашэнкі, кажа Аляксандр Класкоўскі.
«Таму ён прэвентыўна, я думаю, бо без ягонай адмашкі наўрад ці пачалі б так вось раптам знянацку прасоўваць гэты законапраект. Я думаю, што ён прэвентыўна рыхтуецца да нейкіх цяжкіх для сябе часоў і хоча застрашыць вертыкаль, службоўцаў, вайскоўцаў, каб яны не задумалі здрадзіць», – кажа суразмоўца «Белсату».
Лукашэнка сапраўды даволі часта кажа пра здраду. Яшчэ падчас пратэстаў у 2020 годзе і пазней ён дакараў чыноўнікаў, што нібыта памятае, як яны падчас акцыяў хаваліся пад плінтус, і заклікаў іх не здраджваць яму. Гэты страх здрады працягвае ў ім жыць і цяпер, кажа Аляксандр Класкоўскі.
«Таму ажно да расстрэлу ўводзяць пакаранне за здраду дзяржаве, але трэба між радкоў чытаць здраду рэжыму і яго правадыру», – падкрэслівае аналітык.
Пытанне таксама ў тым, чаму акурат цяпер Лукашэнка раптоўна пачаў хвалявацца пра здраду і магчымыя пратэсты. На думку Аляксандра Класкоўкага, тут шэраг чыннікаў, сярод якіх мажлівая і нейкая імпульсіўнасць самога Лукашэнкі. Але жорсткія новаўвядзенні прапаноўваюцца ў краіне якраз у момант, калі з’явіліся канспіралагічныя паведамленні пра тое, што Масква мае намер прыбраць Лукашэнку і на чале Беларусі паставіць нейкую сваю марыянетку, каб уцягнуць краіну ў вайну напоўніцу.
«Мне падаецца, што гэтая канспіралогія непераканаўчая. Але ж сам Лукашэнка – чалавек з канспіралагічным мысленнем. Ён ведае норавы Крамля, такія візантыйскія. Памятае пра спробы замаху на Навальнага, Скрыпалёва. Таму тое, што Крэмль можа пайсці на такое, што можа перакупіць некаторых беларускіх чыноўнікаў, Лукашэнка пра гэта ведае і дапускае, таму новы закон ёсць такім папярэджаннем. Маўляў, не задумайце здрадзіць, перабегчы на бок Крамля і рыхтаваць змову», – кажа аналітык.
Смяротная кара можа пагражаць чыноўнікам і вайскоўцам за «здраду дзяржаве»
Зрэшты, не толькі Масква можа ўплываць на пастановы і рашэнні Лукашэнкі. Даволі часта ён узгадвае таксама і пра апазіцыю. Рэжым у Беларусі разглядае імавернасць сілавога сцэнара змены ўлады ў краіне. З трывогай чыноўнікі ўзгадваюць пра полк Каліноўскага і план «Перамога». Тым больш, у інфармацыйна прасторы распаўсюджваюцца звароты Валерыя Сахашчыка, які адказвае за абарону і бяспеку ў Аб’яднаным пераходным кабінеце, да сакратара Рады бяспекі Аляксандра Вальфовіча. Сахашчык сцвярджае, што кантактуе ў Беларусі з вайскоўцамі.
«Я думаю, што такі законапраект – папярэджанне асобам у пагонах, каб яны не пачалі наводзіць мастоў на выпадак змены сітуацыі, рэжыму. Акрамя гэтага, тое, што вайскоўцы трапляюць пад патэнцыйна расстрэльны артыкул, я думаю, што такім чынам падсцілаецца саломка на той выпадак, калі беларускія войскі Лукашэнку давядзецца накіраваць ва Украіну, бо, як вядома, сацыялогія паказвае, што беларусы не жадаюць браць удзелу ў вайне. Такую ж пазіцыю займаюць і вайскоўцы. Сацыялогія паказвае, што беларусы ўхвалілі б пераход на бок Украіны або здачу зброі. Таму Лукашэнка разумее такія настроі імкнецца папярэдзіць сітуацыю, каб не было дэзерцірства, масавай здачы ў палон», – кажа Аляксандр Класкоўскі.
Такім чынам улады Беларусі імкнуцца данесці да вайскоўцаў, што ім пагражае расстрэл за здачу ў палон. Хаця, як звяртае ўвагу палітычны аналітык, з юрыдычнага гледжання здача ў палон і здрада дзяржаве зусім розныя рэчы, але ж, вядома, у Беларусі, паводле таго ж Лукашэнкі, «часам не да законаў».
Мікалай Каткоў belsat.eu
The post Эксперт пра расстрэльны артыкул: Здраду дзяржаве трэба чытаць як здраду рэжыму appeared first on belsat.eu.
#Беларусь
Comments
No comments yet. Be the first to react!