Чыноўнікі змянілі правілы ўступнай кампаніі ў ВНУ, але настаўнікі сэнсу новаўвядзенняў не …

Чыноўнікі Міністэрства адукацыі агучылі новаўвядзенні, якія назвалі «ўдасканаленнем уступнай кампаніі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы». Настаўнікі, у сваю чаргу, пагаджаюцца, што рэформы ў галіне адукацыі неабходныя. Але задаюць пытанне: чаму змены ва ўступную кампанію ўводзяць пасярэдзіне навучальнага года?

Міністр адукацыі Андрэй Іванец. Фота: president.gov.by

Прадстаўнікі Міністэрства адукацыі распавялі, што ўдасканалілі ўступную кампанію ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Кіраўнік ведамства Андрэй Іванец заявіў, што мэта новаўвядзення – гэта не толькі выкананне загаду Лукашэнкі, але таксама і імкненне падчас уступнай кампаніі пабачыць абітурыента. Дзеля гэтага прыём у ВНУ будзе адбывацца на падставе сертыфікатаў цэнтралізаванага тэставання, спецыялізаваных экзаменаў, экзаменаў у вуснай форме і сумоўя. Але настаўнікі не ў захапленні.

«Нельга змяняць правілы гэтак раптоўна і пасярод навучальнага года. Сістэма арганізацыі іспытаў даволі сырая і выглядае дзіўна. Мне падаецца, што яна не адаптаваная, паколькі шмат узнікае пытанняў. Няма адказаў на канкрэтныя пытанні. Чыноўнікі не спяшаюцца патлумачыць. Таму якім чынам будзе адбывацца ўступная кампанія, а таксама навошта гэта менавіта цяпер змяняць – застаецца незразумелым», – кажа ў размове з «Белсатам» на ўмовах ананімнасці педагог.

Hавiны

Настаўнікі пра абавязковую сярэднюю адукацыю: Што будзе з вучнямі, якія не хочуць вучыцца 11 гадоў?

2021.04.10 11:16

Міністр адукацыі зазначыў, што агульны падыход пры паступленні – два цэнтралізаваныя тэставанні. Адзін з прадметаў тэставання – гэта беларуская або расейская мова, а другі прадмет – на выбар навучэнца. Тыя, хто будзе паступаць у ВНУ, павінныя здаць дадатковы экзамен у выглядзе цэнтралізаванага тэставання. Чыноўнікі Мінадукацыі пастанавілі, што гэтага дастаткова. Бо раней абітурыенты маглі атрымаць чатыры сертыфікаты і выбіраць сваю будучую прафесію ў залежнасці ад набраных за чатыры тэставанні балаў. Але чыноўнікі пастанавілі, што такі падыход няправільны. Маўляў, абітурыенты загадзя маюць ведаць, куды хочуць паступіць, таму не пакінулі магчымасці шырэйшага выбару падчас уступнай кампаніі.

Зрэшты, усе гэтыя змены чыноўнікі ўводзяць без абмеркавання грамадскасці. Педагогі абураюцца і сцвярджаюць, што прадстаўнікі адукацыйнага ведамства не раіліся нават з настаўнікамі.

«Увогуле ў сістэме адукацыі трэба вельмі шмат што кардынальна мяняць. Гэта складаная і шматбаковая сістэма, якая закранае практычна ўсё грамадства. У краіне цяпер каля мільёна школьнікаў, 250 тысяч студэнтаў, 400 тысячаў чалавек працуюць у сістэме адукацыі. Таму простага развязання існых праблемаў проста не існуе. Патрэбная шырокая дыскусія, дасканалы план. Сказаць, давайце хутка нешта зробім, пасля чаго ўсё запрацуе, – гэта дылетанцтва», – адзначае педагог.

Інтэрв’ю

«Нацыянальнае адраджэнне – вяртанне гонару за тое, што ты беларус ці беларуска». Размова з Алінаю Коўшык

2022.11.01 15:15

Па-ранейшаму без іспытаў будуць залічаць у ВНУ пераможцаў алімпіядаў.

А вось для выпускнікоў профільных класаў залічэнне ў ВНУ робяць на падставе сумоўя. Больш за тое, залічаць у студэнты пасля сумоўя, па-за конкурсам, будуць не толькі выпускнікоў ліцэяў ці гімназіяў, а і наведнікаў так званых вайскова-патрыятычных гурткоў.

Вучні старэйшых класаў у піянерскіх гальштуках выносяць дзяржаўны сцяг на ўрачыстай лінейцы ў адной са школаў у Менску, Беларусь. 1 верасня 2022 года. Фота: Белсат

Асобна міністр адукацыі спыніўся на характарыстыцы. Гэты дакумент стане неабходным для паступлення ў ВНУ. Але якраз тут настаўнікі не бачаць нечага надзвычайнага.

«Ва ўсім свеце існуюць рэкамендацыйныя лісты. Бацькі і вучні таксама ва ўсім свеце могуць пакідаць свае водгукі пра навучальныя ўстановы. Таму нічога надзвычайнага не бачу ў тым, калі школа таксама будзе пакідаць водгук і характарыстыку асобнага вучня. Калі я закончыў школу, а гэта было яшчэ ў час СССР, то таксама атрымаў характарыстыку. У гэтым дакуменце мяне апісалі нават лепшым, чым я на самай справу ёсць. Таму я б сканцэнтраваў увагу на тым, каб гэтыя характарыстыкі былі аб’ектыўнымі. Людзі выступаюць «за», іншыя – «супраць» характарыстык. Але галоўнае, каб яны былі аб’ектыўнымі. У іншых краінах таксама існуюць такія паперы», – сцвярджае суразмоўца «Белсату».

І сапраўды, калі ў Мінадукацыі з’явіліся першыя размовы пра характарыстыкі, то вялося, што на падставе гэтага дакументу студэнты змогуць атрымаць дадатковыя балы. Але міністр паабяцаў, што характарыстыка не будзе ўплываць на паступленне.

Аналітыка

«Яны капіююць савецкую сістэму і дзесьці крэатывяць самі». Эксперты – аб асноўных праблемах беларускай адукацыі

2022.12.01 12:57

Мікалай Каткоў belsat.eu

The post Чыноўнікі змянілі правілы ўступнай кампаніі ў ВНУ, але настаўнікі сэнсу новаўвядзенняў не зразумелі appeared first on belsat.eu.

#Беларусь