Чатыры краіны Еўразвязу выступаюць супраць візавых забаронаў для расейцаў

Прынамсі чатыры краіны Еўрапейскага Звязу нязгодныя з планамі ўвесці візавыя санкцыі супраць жыхароў Расеі. Пра Беларусь у іх заявах гаворкі не ідзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Шэнгенская віза. Фота: Белсат

Гэтак, МЗС Партугаліі заявіў, што мэта санкцыяў – пакараць «расейскую ваенную машыну», а не расейскі народ. Пры гэтым Лісабон будзе ўдзельнічаць у перамовах, «спрыяючы адзінай пазіцыі краінаў-чальцоў ЕЗ».

Таксама выданне Politico паведаміла, што Кіпр і Грэцыя выступілі супраць забароны на выдачу візаў для расейскіх турыстаў, якія хочуць наведаць Еўразвяз.

А 11 жніўня канцлер Нямеччыны Олаф Шольц таксама раскрытыкаваў ідэю забараніць візы для жыхароў Расеі, заявіўшы, што «гэта вайна Пуціна», а не расейскага народу.

Hавiны

Міністр замежных справаў Літвы Ландсбергіс: Мы мусім сказаць яснае «не» турыстам з Расеі і Беларусі

2022.08.19 12:16

Між тым кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ляндсбергіс заявіў, што краіны Еўразвязу павінны адзінагалосна ануляваць раней выдадзеныя расейцам і беларусам шэнгенскія візы і забараніць выдачу новых.

«Мы павінны знайсці супольнае і эфектыўнае рашэнне, каб зрабіць забарону на выдачу візаў максімальна эфектыўнай. І яна павінна ўключаць яснае «не» расейскім і беларускім турыстам, якое набудзе моц неадкладна», – сказаў міністр.

Грамадзянам Беларусі перастала выдаваць візы Чэхія (але працягне прымаць уцекачоў з Беларусі), а Эстонія спыніла выдачу беларусам часовых відаў на жыхарства (за выключэннем асаблівых выпадкаў) і турыстычных візаў. Сейм Латвіі заклікаў краіны Еўразвязу неадкладна прыпыніць дзеянне турыстычных візаў і абмежаваць выдачу ўязных дакументаў для грамадзянаў Беларусі і Расеі. У Грузіі прапануюць увесці візавы рэжым з Беларуссю.

Расейскіх турыстаў ужо не хочуць пускаць Чэхія, Літва, Латвія і Эстонія; Данія спыніла выдачу візаў грамадзянам Расеі, а Славаччына выдае ім візы толькі ў «выпадках крайняй неабходнасці»; абмежавалі выдачу кароткатэрміновых візаў для расейцаў таксама Бельгія, Мальта і Нідэрланды. Эстонія спыняе не толькі выдачу візаў, але і не будзе ўпускаць расейцаў з шэнгенскімі візамі, якія былі выдадзеныя Эстоніяй, з 18 жніўня. Польшча ўжо працуе над скасаваннем выдачы візаў расейцам.

Інфаграфіка

Візавае пытанне. Як свет адкрыўся для Украіны і закрываецца для Беларусі і Расеі

2022.08.15 20:23

Якуб Хруст belsat.eu


#Беларусь