У Беларусі штодня працягваюцца палітычна матываваныя затрыманні і суды. «Белсат» распавядае пра чарговыя выпадкі пераследу беларусаў, пра якія стала вядома 19 жніўня.
Праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ 7 чалавек. Гэта Надзея Полькіна, Вольга Скрашчук, Іна Можчанка, Сяргей Самуль, Аляксей Мацявін, Георгій Герыловіч і Сяргей Цыгіб. Такім чынам праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі ўжо 1303 чалавекі.
Суд забараніў Ніне Багінскай паляваць, кіраваць машынай і маламернымі судамі, а аператарам сувязі забаронена прадастаўляць актывістцы паслугі інтэрнэту, мабільнай сувязі і тэлебачання. Усё з-за таго, што ў красавіку актывістцы прызначылі 1600 рублёў штрафу за тое, што яна выйшла са сцягам у цэнтр Менску на Дзень Волі. Штраф Багінская аплочваць не стала, таму ў дачыненні да актывісткі былі накладзеныя абмежаванні.
ГУБАЗіК затрымаў менчукоў, якія запусцілі салют на другую гадавіну выбараў. На «пакаяльным» відэа затрыманы мужчына назваўся Дзянісам Раманчуком і распавёў, што 9 жніўня ў 23:34 запусціў феерверк насупраць свайго дому ва Уруччы. Відэа, якое здымала ягоная жонка, мянчук адправіў шэрагу «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў.
Генеральная пракуратура паведаміла аб затрыманні сваёй былой супрацоўніцы, якая ў 2020 годзе перадавала дадзеныя аб сілавіках у тэлеграм-канал «Чорная кніга Беларусі». Паводле папярэдняй інфармацыі, гаворка ідзе пра Наталлю Лашч. Супраць жанчыны распачалі крымінальную справу паводле за «распальванне сацыяльнай варожасці» (арт. 130 КК).
Затрыманы мастак, былы кіраўнік творчай суполкі «Пагоня» Генадзь Драздоў. Гэта адбылося 18 жніўня. Абставіны і прычыны затрымання, а таксама месца, дзе ўтрымліваецца Генадзь, пакуль невядомыя.
Дырэктара сялянска-фермерскай гаспадаркі аштрафавалі за «несанкцыянаванае» святкаванне Купалля ў ноч з 6 на 7 ліпеня ў Пінскім раёне. Міліцыя звярнула ўвагу на тое, што на гэта не быў атрыманы дазвол ад райвыканкаму і склалі пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства. Суд пастанавіў спагнаць з дырэктара 50 б.в. (1600 рублёў).
Суд Цэнтральнага раёну Гомля вынес прысуд Міхаілу Зубкову, якога дэпартавалі з Расеі, і абвінавацілі ў гвалце над супрацоўнікамі міліцыі (арт 364 КК). Сваякі распавялі, што следчая паказала жонцы фотаздымкі з маршу і патлумачыла, што яе муж падышоў на адным з маршаў у Гомлі да супрацоўніка АМАП «бліжэй, чым трэба», і што ў Міхаіла на фота быў чырвоны твар. Па яе словах гэта значыць, што «ён гатовы быў кінуцца на супрацоўніка АМАП». Суд прызначыў Зубкову пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму.
Гарадзенскі абласны суд разгледзеў справу 35-гадовага Сяргея Кірыковіча, якога абвінавачвалі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу за публічную абразу і пагрозы прымянення гвалту ў адносінах да Лукашэнкі, распальванне варожасці і варажнечы ў суполках сацыяльнай сеткі «Вконтакте». У выніку Кірыковічу прысудзілі 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Сілавікі зладзілі аблавы на вулічных музыкаў у Менску ўвечары 18 жніўня. На вуліцы Зыбіцкай АМАП затрымаў адразу некалькі музычных гуртоў. Адзін з калектываў – кавер-гурт «Best Sound Band», які граў на вуліцы са сваёй апаратурай. Па інфармацыі «Медыязоны» затрыманых музыкаў пратрымалі некалькі гадзін у РУУС і адпусцілі без пратаколаў ці папярэджанняў.
Алена Рувіна belsat.eu
#Беларусь
Comments
No comments yet. Be the first to react!