Суд у Менску 5 верасня вынес прысуд фігурантам «справы пра змову», якія нібыта хацелі захапіць Аляксандра Лукашэнку. Пра гэта паведамілі ў Белтэлерадыёкампаніі.

Юрыста Юрася Зянковіча асудзілі на 11 гадоў калоніі, літаратуразнаўцу і палітолага Аляксандра Фядуту і кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва – на 10 гадоў, супрацоўніцу офісу Зянковіча Вольгу Галубовіч і актывіста Дзяніса Краўчука – на 2,5 года калоніі.
Фядуту, Кастусёва і Зянковіча прызналі вінаватымі ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам», Галубовіч і Краўчука – у «арганізацыі пратэстаў».
- Аляксандра Фядуту і Юрыя Зянковіча затрымалі 12 красавіка 2021 года ў Маскве пры дапамозе ФСБ, а Рыгора Кастусёва ў той жа дзень у Шклове. Іх абвінавацілі ў змове з мэтай захопу ўлады.
- 17 красавіка 2021 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі рыхтаваўся «вайсковы пераварот», маўляў, амерыканскія спецслужбы з санкцыі Джо Байдэна хацелі яго забіць. У сваю чаргу, ФСБ 17 красавіка апублікавала прэс-рэліз, дзе распавяла пра супольную спецаперацыю з КДБ: пра Байдэна там не было, але сцвярджалася, што «мяцеж» рыхтаваўся пры дапамозе ўкраінскіх нацыяналістаў.
- Як паведамлялася ў заяве ФСБ Расеі, Зянковіч і Фядута зарганізавалі абмеркаванне ўзброенага мяцяжу ў прыватных чатах і сустракаліся ў Маскве з «апазіцыйна настроенымі генераламі» Збройных сілаў Беларусі. Але пазней стала вядома, што ніякіх «апазіцыйна настроеных генералаў» не існавала, гэта былі супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў, якія выдавалі сябе за генералаў.
- Разглядаць «справу аб дзяржперавароце» пачалі 29 ліпеня. Аляксандр Фядута ў сваім апошнім слове заявіў, што насамрэч змова была арганізаваная ў выніку аператыўнага эксперыменту. Ён сказаў, што не меў карыслівых, або нізкіх мэтаў. Лідар партыі БНФ Рыгор Кастусёў сказаў, што ён не даваў згоды на ўдзел у змове. Сваю віну ён не прызнаў і нагадваў пра анкалагічнае захворванне, якое абвастрылася за кратамі.
Якуб Хруст belsat.eu
#Беларусь
Comments
No comments yet. Be the first to react!