Удзельнікам гурта «Tor Band» прысудзілі па 15 содняў арышту. Правяраюць і тых, хто здымаўся ў іх кліпах

Затрыманым удзельнікам гурта «Tor Band» прысудзілі па 15 содняў адміністрацыйнага арышту. Цяпер яны знаходзяцца ў рагачоўскім ІЧУ і, хутчэй за ўсё, будуць адбываць пакаранне менавіта там, паведамляюць праваабаронцы.

Гурт «Tor Band». Скрыншот з кліпу: TOR BAND/Youtube

Удзельнікаў гурта «Tor Band» разам з жонкамі затрымалі 28 кастрычніка ў Рагачове. Паведамлялася, што музыкаў арыштавалі паводле арт. 19.11 КаАП за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы і перасылку паведамленняў з іх.

Судовыя працэсы над жонкамі музыкаў праходзілі асобна. Вядома, што Ганне Музыка таксама далі 15 содняў, суд Юліі Галавач будзе толькі па абедзе. Яшчэ адна дзяўчына знаходзіцца ў Жлобіне – як яе пакаралі, пакуль невядома. Паводле звестак праваабаронцаў, яе адправілі ў Жлобін, бо ў Рагачове толькі два жаночыя месцы ў ІЧУ.

Паводле праваабаронцаў, пасля затрымання музыкаў міліцыянты пачалі прыходзіць да тых, хто здымаўся ў іх кліпах. У асноўным, гэта рагачоўцы. Як кажуць сведкі, пакуль усё абыходзіцца гутаркамі і пагрозамі адказнасцю.

«Tor band» – вядомы беларускі гурт. Іх кліпы на песні «Мы – не «народец»», «Жыве», «Кто, если не ты?!» набралі сумарна каля 5 мільёнаў праглядаў на YouTube.

Алена Рувіна belsat.eu

The post Удзельнікам гурта «Tor Band» прысудзілі па 15 содняў арышту. Правяраюць і тых, хто здымаўся ў іх кліпах appeared first on belsat.eu.


#Беларусь