У Харкаўскай вобласці вызвалены горад Куп’янск

Украінскія вайскоўцы цалкам вызвалілі горад Куп’янск у Харкаўскай вобласці, а расейцаў ужо ўдалося выбіць і з левабярэжнай часткі гораду. Пра гэта паведаміў камандзір падраздзялення «Kraken» Сяргей Вэлычка ў сваім тэлеграм-канале.

Крыніца: ragnarockkyiv/Telegram

Вялічка расказаў, што ўкраінскія войскі змаглі фарсіраваць раку Аскіл у Куп’янску і вызваліць усходнюю частку гораду, дзе раней трымалі абарону расейскія войскі.

«Мы ў Куп’янску. 92-ая вызваліла адзін бок, мы вызвалілі другі бок за Аскілам», – распавёў Вялічка ў відэа.

Цяпер горад поўнасцю дэакупаваны і пад украінскім сцягам. Контрнаступ украінскай арміі паспяхова працягваецца на левым беразе Аскілу.

Таксама начальнік штабу спецпадраздзялення «Kraken» Канстанцін Нэмічаў паказаў, як палонныя расейскія вайскоўцы перафарбавалі стэлу на заездзе ў Куп’янск назад у сіне-жоўтыя колеры.

«Стэла ў Куп’янску зноў жоўта-сіняя. Куп’янск – Украіна. Засталося прымусіць гэтую погань адбудаваць усё, што яны разбурылі», – сказаў Нэмічаў.

Крыніца: ragnarockkyiv/Telegram

Пасля прыходу ўкраінскіх вайскоўцаў у дэакупаваным Куп’янску вызвалілі са склепу пяцярых падлеткаў ва ўзросце ад 15 да 17 гадоў, якія правялі тыдзень пад замком. Вязні аказаліся студэнтамі-медыкамі з Куп’янскага, Ізюмскага і Чугуеўскага раёнаў. Расейскія вайскоўцы замкнулі іх без тлумачэнняў і праводзілі з імі «фільтрацыйныя мерапрыемствы».

Між тым, паводле выніку саміту ШАС 16 верасня Уладзімір Пуцін правёў прэс-канферэнцыю, на якой адрэагаваў на ўкраінскі наступ словамі «сцяг у рукі». Таксама, паводле ягоных словаў, Украіна адмовілася ад перамоваў і заявіла, што хоча дамагацца «перамогі на полі бою».

ВІДЭА

Расею чакае змрочная будучыня. Інтэрв’ю з украінскім гісторыкам Аляксандрам Паліем

2022.09.16 17:19

Алена Рувіна belsat.eu


#Беларусь