Беластоцкі фонд «Тутака» анансаваў ІІ Міжнародны дэкламатарскі конкурс для аматараў беларускай паэзіі. Да ўдзелу запрашаюць усіх ахвочых: трэба толькі запісаць відэа з дэкламацыяй верша па-беларуску, а аўтараў найлепшых відэа запросяць у фінал.

Асноўная ўмова ўдзелу ў конкурсе – дэкламацыя верша або фрагменту верша працягласцю не больш за 5 хвілін. Праца павінна быць прадстаўленая толькі на беларускай мове.
Конкурс праходзіць у два этапы: адборачны і фінальны. Рэгламент конкурсу і ўсе падрабязнасці тут: па-беларуску і па-польску.
Для ўдзелу ў адборы трэба даслаць відэа дэкламацыі верша разам з формай заяўкі (анкета тут: у DOC і ў PDF) да 31 студзеня 2023 года на электронны адрас арганізатара: konkurs@tutaka.org (відэа таксама можна запампаваць на сэрвісы WeTransfer, Dropbox ці Google Drive і даць у лісце спасылку на запампаванае). Відэа можна зняць проста на тэлефон. Пры адпраўцы відэа ўдзельнік дае згоду на публікацыю гэтага відэа ў сацыяльных сетках арганізатара.
Па заканчэнні першага этапу, да 10 лютага журы адбярэ ўдзельнікаў другога этапу.
Фінал конкурсу адбудзецца ў Тэатры лялек у Беластоку 21 лютага 2023 года – у Дзень роднай мовы, які быў заснаваны UNESCO ў 1999 годзе.
Фіналісты будуць запрошаныя арганізатарамі ў Беласток для выбару пераможцаў. У фінальнай частцы конкурсу таксама можна выступіць у рэжыме онлайн. Кожнаму фіналісту абяцаюць падарунак.
Удзельнікі конкурсу падзеленыя на тры катэгорыі:
- дзеці да 12 гадоў;
- дзеці і падлеткі ад 12 да 16 гадоў;
- моладзь ад 16 гадоў і дарослыя.
Кваліфікаваныя чальцы журы праслухаюць кожнага ўдзельніка, будуць ацэньваць дэкламатараў паводле наступных крытэрыяў:
- выбар твору (мастацкая каштоўнасць твораў і выканальніцкае майстэрства дэкламатараў);
- тэхніка і выразнасць маўлення;
- агульная артыстычная экспрэсія.
У кожнай узроставай катэгорыі ў фінале будуць вызначаны тры пераможцы (1, 2 і 3 месцы адпаведна). За перамогу прадугледжаныя грашовыя прызы.
Пытанні арганізатарам можна дасылаць на электронны адрас фонду konkurs@tutaka.org, у мэсэнджары ў сацыяльныя сеткі (Facebook, Instagram, Telegram, Twitter) і на тэлефон +48 501 370 957.
Тэлеканал «Белсат» узяў медыйны патранат над конкурсам.
The post У Беластоку правядуць конкурс дэкламатараў беларускай паэзіі да Дня роднай мовы appeared first on belsat.eu.
#Беларусь
Comments
No comments yet. Be the first to react!