Праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ 10 чалавек. Гэта Павел Абуховіч, Аляксей Грыцкевіч, Павел Бабчанка, Уладзімір Рабчанка, Уладзімір Прадкін, Іван Супрунчык, Віталь Гузаў, Аляксей Парэцкі, Роберт Кузняцоў і Аляксей Багдзей.

У асноўным новыя палітзняволеныя былі асуджаныя за каментары ў сацсетках за абразу сілавікоў і Аляксандра Лукашэнкі, а таксама за «распальванне сацыяльнай варожасці». Праваабаронцам вядома пра наступныя асуджэнні:
- Паўла Абуховіча прыгаварылі да прымусовага псіхіятрычнага лячэння за размяшчэнне каментароў у сацыяльнай сетцы, якія змяшчаюць крытыку сілавікоў, абразу былога начальніка ГУБАЗіК Мікалая Карпянкова і абразу Аляксандра Лукашэнкі.
- Аляксея Грыцкевіча прыгаварылі да пазбаўлення волі тэрмінам на два гады ў папраўчай калоніі за абразу Лукашэнкі і каментары ў сацыяльных сетках у дачыненні да «сацыяльнай групы»;
- Паўла Бабчонка прыгаварылі да пазбаўлення волі тэрмінам на два гады ў папраўчай калоніі за каментар з меркаваннем аб прыцягненні ў будучыні да адказнасці вінаватых у злачынствах супраць правоў і свабод;
- Уладзіміра Рабчанку прыгаварылі да пазбаўлення волі тэрмінам на два гады і шэсць месяцаў за абразу сілавікоў і іншых дзяржаўных органаў і выказванне меркавання пра неабходнасць прыцягнуць іх да адказнасці ў будучыні;
- Уладзіміра Прадкіна прыгаварылі да пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады за размешчаныя ў сацыяльных сетках свае фатаграфіі з кіназдымак у форме афіцэра нямецкага войска, публікацыю ў сацыяльнай сетцы мемуараў нямецкага генерала з апраўданнем нацызму (пазней ён патлумачыў гэта цікавасцю да гісторыі) і прапанову паведаміць жадаючым спосабы самагубства (абвінавачаны пасля сцвярджаў, што гэта жарт);
- Івана Супрунчыка прыгаварылі да пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў за перадачу звестак супрацоўніка органаў унутраных спраў у «экстрэмісцкі» тэлеграм-канал;
- Віталя Гузава ў закрытым судовым пасяджэнні да пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў у папраўчай калоніі за абразу Лукашэнкі і «распальванне сацыяльнай варожасці»;
- Аляксея Парэцкага ў закрытым судовым пасяджэнні прыгаварылі да пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады ў папраўчай калоніі за паклёп у дачыненні да Лукашэнкі і «распальванне сацыяльнай варожасці»;
- Роберта Кузняцова ў закрытым судовым пасяджэнні прыгаварылі да пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў у папраўчай калоніі за абразу Лукашэнкі, заклікі да захопу ўлады і да санкцый у дачыненні да Беларусі, «распальванне сацыяльнай варожасці», знявагу дзяржаўных сімвалаў у інтэрнэце;
- Аляксея Багдзея да шасці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі за падрыхтоўку да арганізацыі масавых беспарадкаў – публікацыю заклікаў да звяржэння ўлады, супраціву прадстаўнікам улады, блакавання праездаў.
Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць гэтых і астатніх палітычных зняволеных, спыніць палітычныя рэпрэсіі. На момант публікацыі праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі 1309 чалавекі.
Але напраўду зняволеных з палітычных прычынаў нашмат больш – праваабаронцы дэталёва аналізуюць кожную справу і проста не паспяваюць за рэпрэсіўным апаратам. Так, Следчы камітэт налічыў 11 тысяч крымінальных справаў за «злачынствы экстрэмісцкай скіраванасці».
Алена Рувіна belsat.eu
#Беларусь
Comments
No comments yet. Be the first to react!