У Беларусі знізілі стаўкі па крэдытах на жыллё. Ці бегчы ў банк?

Галоўны крэдытор беларускіх грамадзян – Беларусбанк – знізіў стаўкі па крэдытах на набыццё і будаўніцтва жылля. У чарговы раз. У жніўні стаўка крэдыце на другаснае жыллё, які вярнуўся на рынак была 21, 5%. Потым мы бачылі 20%, 19,5%. На пачатку лістапада – 18,84% гадавых. А на пачатку снежня здарылася нечаканае – стаўка знізілася да 17,56% гадавых.

Выява ілюстрацыйнага характару. Фота: Белсат

Каму 17,56%, каму – танней?

«Іпатэка Экспрэс» – гэта крэдыт на куплю кватэры на другасным рынку. Пад тыя ж 17,56% гадавых крэдытуюць грамадзян, якія будуюцца з камерцыйнымі забудоўшчыкамі. І па дамовах долевага будаўніцтва, і па жыллёвых аблігацыях (аблігацыі ёсць, напрыклад, у МАПІДк і А-100).

Тым, хто плануе будаваць кватэру з дзяржаўным забудоўшчыкам у межах партнёрскіх праектаў з банкам, крэдыт абыдзецца танней. Пад 17,06% гадавых. Тым, хто хоча купіць домакомплект з беларускіх будматэрыялаў, ці замовіць будаўніцтва хаты з беларускіх матэрыялаў у беларускай жа будкампаніі, крэдыт будзе пад 15% гадавых (але на 12 гадоў).

Нагадаю, крэдыты Беларусбанк выдае на 20 гадоў. У пераважнай большасці выпадкаў акрамя пацверджання даходаў і перадачы кватэры пасля атрымання дакументаў на кватэру ў заклад банку, трэба прывесці і пару паручыцеляў. Пакінем у баку развагі пра тое, дорага гэта ці даступна. У Беларусі на камерцыйных падставах крэдыты на нерухомасць са стаўкай ніжэй за 15% ужо і не ўзгадаць. Такая эканоміка, такія рызыкі.

Палічыць. Прывяду разлік па цяперашняй сітуацыі і выплатах па крэдыце пры стаўцы 17, 56%.

Каб пазычыць у банку Br 75 тысяч (каля $30 тысяч), трэба мець пацверджаны прыбытак не меншы за 2020 рублёў. Максімальны штомесячны плацёж пры такой суме крэдыту складзе 1412 рублёў. Калі трэба пазычыць Br 50 тысяч, прыйдзецца паказаць банку штомесячны даход не меншы за 1350 рублёў, плацёж складзе 941 рубель.

Пры крэдыце на $40 тысяч – гэта каля Br 100 тысяч – банк захоча ўбачыць прыбытак не меншы за 2690 рублёў на месяц. Максімальны плацёж па крэдыце складзе 1882 рублі.

Падрыхтаваліся, патаннее. Чакаем акцыі на новабудоўлі да Новага года

Многія здзіўляюцца, калі бачаць сумы пераплаты па крэдыце за 20 гадоў. Але нагадаю, што сярэдні заробак у Менску 10 гадоў таму быў (з улікам дэнамінацыі) 408 рублёў. Цяпер – 2228. Абедзве сумы – без уліку падаткаў. Так што, каб уявіць, наколькі будзе ціснуць на ваш бюджэт штомесячны плацёж праз 10 гадоў, проста падзеліце яго на 5,5. Хоць у першыя пару гадоў ціск будзе адчувальным.

Ці бегчы па крэдыт?

Не ўсім дадуць сумы з разліку. Напрыклад, даходы ў іпэшнікаў улічваюцца па-асабліваму, чытай – менш за палову ад таго, што прыходзіць на рахунак. Калі ў крэдытаатрымальніка ўжо ёсць пазыкі перад банкам і нават растэрміноўкі, прыбытак, які будзе ўлічваць банк, будзе ніжэйшы. Калі ёсць утрыманцы – здарыцца тое ж самае.

Але калі вы добра зарабляеце, усё ў парадку з фінансавай дысцыплінай і ўпэўненасцю ў заўтрашнім дні, ёсць назапашванні на першы ўнёсак (ад 10%, чым больш назапашванняў, тым лепш) – узяць крэдыт магчыма.

Практыка апошніх 15 гадоў паказвае, што стаўкі па крэдытах на нерухомасць у працэсе не павышаюцца. Кватэры ў неплацельшчыкаў забіраюць у скрайнім выпадку – калі чалавек не плоціць зусім ужо прынцыпова. Калі трапіў у цяжкае жыццёвае становішча – банкі даюць адтэрміноўкі, канікулы і г.д. Калі стаўкі па крэдытах зніжаюцца, крэдытаатрымальнік можа рэфінансаваць пазыкі за кошт паменшэння штомесячных плацяжоў.

Меркаванне

Налятай, патаннела? Банкі знізілі стаўкі па крэдытах на жыллё

2022.11.14 17:03

Ці доўга гэта будзе працягвацца? Ці паспею сабраць на першы ўнёсак?

Прапанова па крэдытах дзейнічае да 10 студзеня 2023 году ўключна. Усяго толькі. Што будзе далей, Беларусбанк не паведамляе. Варыянтаў развіцця падзей некалькі.

Першы – стаўкі захаваюцца і пасля 10 студзеня. Другі – крэдытаванне зноў прыпыняць альбо зноў падымуць стаўкі да забаронных велічынь. Але калі дзяржава вырашыць у 2023 годзе падсілкаваць будаўнічую галіну і ўсё, што вакол яе варочаецца (будаўнічыя і аздобныя матэрыялы, мэбля, сантэхніка, хатняя тэхніка), на вясну можам пабачыць і крыху больш нізкую стаўку.

Дзяніс Бятонны / Авер belsat.eu

The post У Беларусі знізілі стаўкі па крэдытах на жыллё. Ці бегчы ў банк? appeared first on belsat.eu.

#Беларусь