Камітэт дзяржкантролю, фіксуючы выпадкі завышэння цэнаў у Аршанскім раёне, распачаў крымінальную справу супраць прадпрыемства, якое прадавала малочную прадукцыю па заніжаных коштах і тым самым недаатрымала прыбытак. Пра гэта паведамляе «Віцебская вясна» са спасылкай на друкаваную «Аршанскую газету».

Паведамляецца, што КДК пастанавіў пакараць «адзін з суб’ектаў гаспадарання малочнай галіны» за тое, што «пры наяўнасці магчымасцяў рэалізацыі прадуктаў па больш выгодных цэнах», дазваляў пакупнікам купляць малочныя вырабы танней. Праз заніжэнне коштаў прадпрыемства, нібыта, не атрымала магчымага прыбытку, а шкода склала 270 тысяч рублёў.
За гэта быў звольнены дырэктар прадпрыемства і яго намеснік. Таксама былі заведзены крымінальныя справы, як і ў выпадках, калі праверка знаходзіла факты падвышэння цэнаў. Усяго было распачаты дзве крымінальныя справы, адна з іх – у дачыненні да былога дырэктара.
Таксама паведамляецца, што ў рэгіёне штодня праводзіцца па некалькі праверачных рэйдаў у розныя крамы. Усяго праверана каля 200 аб’ектаў. Паводле апублікаваных вынікаў, у большасці гандлёвых аб’ектаў: харчовыя крамы, аптэкі, сфера паслугаў, – парушэнняў не знойдзена.
Пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка з 10 кастрычніка забараніў падвышаць кошты на прадукты і паслугі паводле дырэктывы № 10 «Аб недапушчальнасці росту коштаў», Генпракуратура і КДК завялі больш за 40 крымінальных спраў па артыкулах аб перавышэнні паўнамоцтваў і бяздзейнасці службовай асобы за парушэнне новаўвядзення.
Алена Рувіна belsat.eu
The post У Аршанскім раёне распачалі крымінальную справу праз нізкія кошты на малочныя прадукты appeared first on belsat.eu.
#Беларусь
Comments
No comments yet. Be the first to react!