Тры месяцы запар беларусы купляюць валюты больш, чым прадаюць

Нацбанк абнародаваў статыстыку куплі-продажу валюты на ўнутраным рынку за студзень – лістапад сёлета. Агулам за 11 месяцаў беларусы здалі яе больш, чым набылі. Але апошнія тры месяцы фізічныя асобы выступаюць чыстымі пакупнікамі валюты.

Людзі стаяць ў чарзе да пункту абмену валюты. Менск, Беларусь, 6 верасня 2021 года. Фота: ПБ / Белсат

Нацыянальны банк абнавіў на сваім сайце статыстыку куплі-продажу валюты на ўнутраным рынку. З яе стала вядома, што за студзень – лістапад сёлета беларусы здалі валюты больш, чым набылі: розніца – амаль 136 мільёнаў долараў. За 11 месяцаў фізічныя асобы купілі валюты на 9 мільярдаў 32 мільёны долараў, а прадалі – 9 мільярдаў 168 мільёнаў.

Але апошнія тры месяцы фізічныя асобы выступаюць чыстымі пакупнікамі валюты. Прычым з кожным месяцам розніца паміж аб’ёмамі пакупкі і продажу павялічваецца: у верасні было 114 мільёнаў долараў, у кастрычніку – амаль 117 мільёнаў, а ў лістападзе – 131,5 мільёны долараў.

Раней старэйшая навуковая работніца Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна ў каментары «Белсату» тлумачыла, што на паводзіны беларусаў на валютным рынку магла паўплываць мабілізацыя ў Расеі.

«Якраз у верасні і кастрычніку адбывалася гэта «частковая мабілізацыя». Падзеі ў суседняй краіне маглі паўплываць на тое, што і беларусы запанікавалі і пачалі прапрацоўваць магчымыя сцэнары развіцця ўласнай сітуацыі, для падстрахоўкі купляючы больш замежнай валюты, хоць у нас і рубель моцны. Сталі спрабаваць ствараць заначку, каб было з чым зʼехаць, каб была замежная валюта», – казала экспертка, каментуючы павышаны попыт на валюту ў верасні ды кастрычніку.

Каментар

Беларусы сталі больш купляць замежнай валюты. Навошта?

2022.11.22 18:27

Сяргей Крот belsat.eu

The post Тры месяцы запар беларусы купляюць валюты больш, чым прадаюць appeared first on belsat.eu.

#Беларусь