Рызыка ядравага выбуху выключаная, але могуць быць выкіды. Чаго чакаць ад Запарожскай АЭС

У выпадку надзвычайнай сітуацыі на Запарожскай АЭС і выкіду радыяцыі давядзецца эвакуяваць ад 500 тыс. да 1 млн асобаў. Адпаведныя планы эвакуацыі ўжо распрацаваныя. Пра гэта ў эфіры «Студыі Белсат» 20 жніўня заявіў Святаслаў Протас, былы кіраўнік Санэпідэмслужбы Украіны.

Паводле яго, магчымую аварыю на Запарожскай АЭС варта параўноўваць усё ж не з Чарнобыльскай катастрофай, а з аварыяй на станцыі ў японскай Фукусіме.

«Рызыка аварыі на гэтым аб’екце складаецца не столькі ў ядравым выбуху, колькі ў радыяцыйных аварыях, звязаных з пляцоўкамі захавання радыяцыйных адкідаў», – паведаміў Протас.

У такім выпадку зона забруджвання будзе ў межах санітарнай зоны АЭС.

«Калі казаць пра правакацыі ядравага выбуху, то такая рызыка выключаная, бо сродкі фізічнай і біялагічнай абароны на гэтай электрастанцыі дазваляюць абараніць гэты аб’ект ад узбраенняў, якія там выкарыстоўваюцца расейцамі. Простымі словамі: каб справакаваць ядравы выбух на гэтай электрастанцыі трэба выкарыстоўваць прынамсі ядравую бомбу», – адзначыў эксперт.

Любыя іншыя аварыі, паводле яго, прывядуць не да выбуху, а толькі да выкідаў.

Дзеянні ўкраінскіх уладаў пасля выкідаў будуць залежаць ад таго, куды будзе ісці радыеактыўнае воблака.

Аналітыка

Расея і Украіна паказалі страшныя мапы магчымай аварыі на Запарожскай АЭС. Усё напраўду гэтак дрэнна?

2022.08.19 17:15

І Расея, і Украіна заявілі 18 жніўня, што рыхтуецца правакацыя на Запарожскай АЭС, якая цяпер занятая расейскімі войскамі. Расея абвінавачвае Украіну, Украіна – Расею.  Абодва бакі публікавалі мапы магчымага забруджвання ад аварыі на Запарожскай АЭС. Згодна з гэтым сцэнарам, можа закрануць і Беларусь, і Польшчу.

Генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Антоніу Гутэрыш раней заклікаў «адвесці ўсіх вайскоўцаў і вайсковую тэхніку ад станцыі і пазбягаць любога іншага размяшчэння вайсковых сіл або вайсковага абсталявання на гэтай тэрыторыі», Расея адмовіла. Пазней Еўразвяз і 42 краіны заклікалі Расею пакінуць тэрыторыю Запарожскай АЭС.

18 жніўня Гутэрыш сустракаўся з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у Львове – казаў, што ў сітуацыі з Запарожскай АЭС «павінен перамагчы здаровы сэнс» і што ААН падтрымае наведванне АЭС інспектарам МАГАТЭ.

Якуб Хруст belsat.eu


#Беларусь