Беларуская група хакераў «Кіберпартызаны» 18 лістапада заявіла, што ўзламала сэрвісы «Раскамнагляду». Вечарам 8 снежня хакеры расказалі, што знайшлі, і апублікавалі справаздачу «Раскамнагляду» пра падзеі ў Беларусі пасля выбараў-2020.
Галоўнае, што пішуць у справаздачы за 24.05.2020 – 25.03.2021:
- Прычынай масавых пратэстаў 2020 года ў Беларусі былі недасканаласць і супярэчнасці сістэмы дзяржаўнага кіравання, празмерна шырокія паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі, бяздумная зачыстка палітычнага поля нават без ілюзіі выбару, адсутнасць рэформаў дзеля дабрабыту беларусаў.
- Міністра замежных справаў Уладзіміра Макея лічылі «адным з лідараў праеўрапейскай партыі Беларусі». Макей усё ж застаўся верным Лукашэнку пасля выбараў-2020, раптоўна памёр у лістападзе 2022 года.
- У маршы 16 жніўня 2020 года бралі ўдзел ад 500 тысяч да 1 млн чалавек толькі ў Менску, а акцыі пратэсту праходзілі і ў іншых гарадах.
- Лукашэнка звяртаўся па дапамогу да Расеі, праз што трапіў у яшчэ большую залежнасць ад Крамлю, хоць да 2020 года спрабаваў «лавіраваць між полюсамі сілы». Аналітык «Раскамнагляду» лічыў, што праз гэта Расея атрымала больш магчымасцяў для размяшчэння войскаў у Беларусі (справаздача пісалася ў пачатку 2022 года – пасля здушэння пратэстаў у Казахстане, але падобна, да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне), называў Беларусь «зонай уплыву» Расеі.
- Пратэсты ўдалося здушыць «пры падтрымцы Расеі», але расейскае ўмяшальніцтва было «абмежаваным і своечасовым», у адрозненне ад умяшальніцтва ва ўкраінскі палітычны крызіс 2014 года (якое скончылася ўзброеным уварваннем і акупацыяй частак Украіны). Абмяркоўвалася ўвядзенне ў Беларусь войскаў АДКБ, як пазней адбылася ў Казахстане.
- Спроба рэвалюцыі правалілася, але эканамічная мадэль Лукашэнкі «аказалася нежыццяздольнай і залежнай ад вонкавых актараў», унутраныя праблемы ігнараваныя, эліты адарваныя ад насельніцтва. Затое Беларусь стала «неперамоваздольнай» для Захаду.
- Расейскае «крызіснае кіраванне» называюць эфектыўным: на практыцы выпрабавалі супрацьдзеянне «каляровым рэвалюцыям» (так у Расеі называюць усе пратэсты, якія інспіравала не сама Расея), гвалт ужываўся «пісьменна і кропкава, не пераходзячы рысу».
- Але Расея аказалася няздольнай выбудаваць інтэграцыйныя працэсы на постсавецкай прасторы. Гэта адбылося ў тым ліку праз тое, што насельніцтва суседніх краінаў асацыюе Расею з карупцыяй і неэфектыўнасцю, бачыць больш прывабнай заходнюю эканамічную мадэль.
Алесь Наваборскі belsat.eu
The post Расея ўмешвалася ў здушэнне беларускіх пратэстаў. «Кіберпартызаны» прааналізавалі звесткі «Раскамнагляду» appeared first on belsat.eu.
#Беларусь
Comments
No comments yet. Be the first to react!