Расейскага гандляра зброяй Віктара Бута абмянялі на баскетбалістку Брытні Грайнэр

ЗША і Расея абмяняліся зняволенымі: баскетбольная зорка Брытні Грайнэр вызвалена з расейскай турмы ў абмен на вызваленне расейскага гандляра зброяй Віктара Бута, які адбываў турэмны тэрмін у ЗША. Аб гэтым паведамляе «Голас Амерыкі».

Пра тое, што Расея і ЗША зрабілі абмен зняволенымі таксама паведаміла расейскае МЗС. Паведамляецца, штораніцай 8 снежня ў сталіцы ААЭ Абу-Дабі завершылася працэдура абмену грамадзяніна Расеі Віктара Бута на грамадзянку ЗША Брытні Грайнэр.

Амерыканка ўжо ляціць у ЗША. Пасля вызвалення Грайнэр патэлефанаваў прэзідэнт Джо Байдэн.

«Яна ў бяспецы. Яна (знаходзіцца) у самалёце», – напісаў прэзідэнт ЗША ў Twitter.

Moments ago I spoke to Brittney Griner.

She is safe.
She is on a plane.
She is on her way home. pic.twitter.com/FmHgfzrcDT

— President Biden (@POTUS) December 8, 2022

«Расейскі і амерыканскі лідары памілавалі абодвух удзельнікаў абмену», – прыводзіць «РИА Новости» словы ўпаўнаважанай па правах чалавека ў Расеі Таццяны Маскальковай. Гэта азначае, што крымінальны пераслед канчаткова спынена, Бут і Грайнэр атрымліваюць поўную свабоду перамяшчэння.

Паводле CNN, абмен не ўключаў было марскога пехацінца Пола Ўілана (Paul Whelan), які асуджаны ў Расеі па абвінавачанні ў шпіянажы.

З нагоды абмену зняволенымі Джой Байдэн зрабіў заяву: «На жаль і па зусім незаконных прычынах Расея разглядае справу Пола інакш, чым справу Брытні. І хоць нам пакуль не ўдалося дабіцца вызвалення Пола, мы не здаемся. Мы ніколі не здамося».

У жніўні 2022 года Брытні Грайнэр была прыгаворана да дзевяці гадоў калоніі строгага рэжыму па абвінавачанні ў захоўванні наркотыкаў. Яе затрымалі ў маскоўскім аэрапорце ў лютым 2022 года з-за вейп-картрыджаў, якія змяшчаюць алей канабісу, выяўленых у яе багажы. Гэтае рэчыва забаронена да абароту ў Расеі, але легальна ў некаторых штатах ЗША.

У пачатку жніўня 2022 года суд у Хімках прызнаў Грайнэр вінаватай у кантрабандзе наркотыкаў і прыгаварыў яе да дзевяці гадоў калоніі. Баскетбалістка абскардзіла прысуд. Маскоўскі абласны суд адмовіўся змякчыць прысуд, але скараціў тэрмін з улікам дзён, праведзеных Грайнэр у СІЗА, да васьмі гадоў.

Брытні Грайнэр зараз 32 гады, яна выступала за жаночы баскетбольны клуб УГМК з Екацярынбургу. У складзе амерыканскай нацыянальнай зборнай ЗША яна двойчы выйгравала Алімпійскія гульні.

Віктар Бут быў арыштаваны па запыце ЗША ў 2008 годзе ў Тайландзе па запыце Вашынгтона. Расейца абвінавацілі ў падрыхтоўцы змовы з мэтай забойства грамадзян ЗША і матэрыяльнай падтрымкі тэрарызму. Федэральны суд прыгаварыў яго да 25 гадоў зняволення. У канцы ліпеня Вашынгтон, паводле звестак СМІ, прапанаваў Маскве абмяняць Бута на Ўілана і Грайнэр.

Антон Тачняк belsat.eu

The post Расейскага гандляра зброяй Віктара Бута абмянялі на баскетбалістку Брытні Грайнэр appeared first on belsat.eu.

#Беларусь