Расейскага апазіцыянера Іллю Яшына пасадзілі амаль на 9 гадоў за стрым пра забойствы ў Буч…

Суд у Маскве прыгаварыў апазіцыянера Іллю Яшына да 8,5 гадоў калоніі за стрым пра забойствы цывільных у Бучы пад Кіевам. Палітыка прызналі вінаватым у распаўсюдзе «фэйкаў» пра расейскую армію.

Апазіцыянер Ілля Яшын перад агалашэннем прыгавору ў судзе. Масква, Расея. 9 снежня 2022 года. Фота: УНИАН / Telegram

У Маскве раённы суд прыгаварыў апазіцыянера Іллю Яшына да 8,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Палітык прызнаны вінаватым у распаўсюдзе «фэйкаў» пра расейскую армію. Пракурор прасіў для яго 9 гадоў зняволення.

«Злачынствам» Яшына стаўся наўпроставы эфір на ягоным YouTube-канале 7 красавіка сёлета. У гэтым стрыме апазіцыянер каментаваў унутрырасейскія падзеі, а таксама закрануў забойствы ў Бучы. Прычым ён прывёў розныя меркаванні. Менавіта версію, што да забойстваў цывільных у Бучы датычныя расейскія войскі, суд палічыў «фэйкам». Суддзя Аксана Гарунова на агалашэнні прыгавору заявіла, што Яшын «адчувае нянавісць да расейскіх дзяржаўных інстытутаў».

Ягоная адвакатка Марыя Эйсмант прызнала, што такі тэрмін не стаўся нечаканасцю, хаця і спадзявалася, што будзе менш.

Маці Іллі Таццяна Яшына сказала журналістам, што сын выйдзе на волю, «калі не будзе Пуціна».

«Я мяркую, што калі скончыцца вайна. Як бы яна не скончылася, я мяркую, што ўсё роўна паўстане пытанне пра палонных, палітвязняў. Я спадзяюся, што гэта ўжо будзе не пры Пуціне, бо пры ім нам добрага жыцця не будзе», – адзначыла жанчына.

Тым часам пра гэты прыгавор спыталі самога Уладзіміра Пуціна. Журналіст газеты «Коммерсантъ» Андрэй Калеснікаў сказаў, што 8,5 года Яшыну за словы – гэта зверскі тэрмін. Прэзідэнт Расеі на гэта ў адказ запытаў, хто такі Яшын, потым заявіў, што «умяшанне ў дзейнасць судоў лічыць абсалютна недапушчальным».

Ілля Яшын – колішні муніцыпальны дэпутат, быў паплечнікам забітага ля Крамля ў 2015 годзе апазіцыянера Барыса Нямцова. Яшын – ледзь не адзіны палітык, які публічна крытыкаваў вайну ва Украіне, знаходзячыся ў Расеі.

Hавiны

«Забіваем усіх, у каго ёсць зброя. Абсалютна ўсіх». Агенцтва AP апублікавала расследаванне пра «зачыстку» Бучы

2022.11.05 17:33

Сяргей Крот belsat.eu

The post Расейскага апазіцыянера Іллю Яшына пасадзілі амаль на 9 гадоў за стрым пра забойствы ў Бучы appeared first on belsat.eu.

#Беларусь