«Мы хочам мець мяжу са свабоднай, суверэннай і незалежнай Беларуссю, грамадства якой вырашае само», – заявіў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. «Гэта праўда, што сапраўднае сяброўства пазнаецца ў цяжкія часы; Польшча гэта паказала», – падкрэсліла абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.
8 снежня ў Бельведэрскім палацы прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда сустрэўся з абранай прэзідэнткай Беларусі Святланай Ціханоўскай і іншымі лідарамі дэмакратычнай Беларусі. Падчас сваёй прамовы ён падзякаваў усім за прыезд і падкрэсліў, што палякі і беларусы «з аднаго культурнага кораня» і, нягледзячы на тое, што мы розныя нацыі, нас звязваюць традыцыі, культура і гісторыя.
«Калядны час для ўсіх нас заўсёды азначае адно – сямейнае цяпло, цудоўную, непаўторную атмасферу, дабро, любоў. Мы выдатна разумеем, што адбываецца ў сэрцы чалавека ў той момант, калі ён не можа быць удома, не можа быць на сваёй радзіме, ён знаходзіцца ў іншай краіне, як мы кажам у Польшчы – за мяжой. Нават калі яго прымаюць гасцінна, з любоўю і сімпатыяй, з разуменнем, ён не ўдома, і кожны з нас гэта добра адчувае», – сказаў прэзідэнт Польшчы.
Ён адзначыў, што прыезд прадстаўнікоў беларускай апазіцыі ў Бельведэр з’яўляецца перш за ўсё сімвалам таго, што Польшча вітае іх душой.
«Я хацеў бы, каб вы адчувалі, што вы са сваімі братамі», – падкрэсліў Анджэй Дуда.
Ён адзначыў, што для палякаў і для Польшчы калі дзе і існуе вольная, блізкая і суверэнная Беларусь, то ў гэтай дэмакратычнай апазіцыі. Як падкрэсліў ён, у палякаў, якія таксама маюць свой гістарычны досвед, «ёсць глыбокая вера ў тое, што змаганне скончыцца перамогай беларусаў, сапраўдных тых, хто хоча свабоднай, суверэннай дзяржавы».
Гаворачы пра вайну ва Украіне, ён паабяцаў, што зробіць усё, каб давесці ўсяму свету, што сапраўдныя беларусы – яны не з расейцамі, ніколі не змірацца з расейскім прымусам і расейскай акупацыяй, расейскім панаваннем і не з’яўляюцца часткай «рускага міру».
«Няхай жыве вольная, суверэнная, незалежная Беларусь», – рэзюмаваў ён.
#NaŻywo | Spotkanie Prezydenta Andrzeja Dudy ze Swiatłaną Cichanouską oraz przedstawicielami społeczności białoruskiej [Sygnał udostępniony przez TVP INFO] https://t.co/QgrCWsvRFW
— Kancelaria Prezydenta (@prezydentpl) December 8, 2022
У сваю чаргу, абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская падзякавала прэзідэнту Дудзе, ураду Польшчы і народу за падтрымку, якую яны аказваюць беларусам.
«Сённяшняя сустрэча – гэта жэст салідарнасці з беларусамі, якія бачаць Беларусь свабоднай і незалежнай еўрапейскай дзяржавай, – падкрэсліла Святлана Ціханоўская. – Тут, у Варшаве, я часта чую такі лозунг – Менск-Варшава – агульная справа. І яны кажуць вам праўду, што сапраўднае сяброўства знаходзіць у цяжкія часы. Польшча толькі што гэта прадэманстравала. Я хачу сказаць, што дыктатура падзе, а сувязі і сяброўства, якія будуюцца, застануцца з намі на дзесяцігоддзі».
Ціханоўская адзначыла, што сёння Беларусь «з’яўляецца закладніцай двух дыктатараў — Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна».
«Мне вельмі балюча бачыць, што Украіну абстрэльваюць з нашай тэрыторыі, але з першых дзён гэтай вайны, якая працягваецца, наш народ паказаў, што ніколі з гэтым не змірыцца і будзе змагацца да канца», – падкрэсліла яна.
Ціханоўская таксама пажадала палякам і сваім суайчыннікам усяго найлепшага на надыходзячыя Каляды.
«Няхай яны прынясуць мір і радасць у вашы сэрцы і ў вашы сем’і», — сказала Ціханоўская.
Prezydent @AndrzejDuda, jak w ubiegłym roku, spotka się ze @Tsihanouskaya oraz liderami demokratycznej Białorusi, białoruskiej diaspory oraz przedstawicielami polskich Białorusinów w #Belweder. pic.twitter.com/mWDv9wSuqc
— Kancelaria Prezydenta (@prezydentpl) December 8, 2022
Пасля прамоваў прэзідэнт Дуда, Ціханоўская і сабраныя госці праслухалі некалькі музычных твораў, выкананых на беларускай мове.
Антон Тачняк / jb/ belsat.eu паводле PAP
The post Прэзідэнт Дуда на сустрэчы з Ціханоўскай: Мы хочам мець мяжу са свабоднай і незалежнай Беларуссю appeared first on belsat.eu.
#Беларусь
Comments
No comments yet. Be the first to react!