Новая хваля мабілізацыі можа пачацца ў РФ у снежні або пасля Новага года, прагназуюць эксперты і выведка. Расейцы асцерагаюцца яе насуперак заспакаяльным запэўненням Пуціна. Праваабаронцы распавялі «Белсату», як улады рыхтуюцца адпраўляць людзей на вайну, і пра новаўвядзенні ў вербаванні зняволеных.
Прыхаваная падрыхтоўка
Крэмль вядзе прыхаваную падрыхтоўку да новай хвалі мабілізацыі і мяняе тон вайсковай прапаганды, каб падрыхтаваць да гэтага насельніцтва. З такім меркаваннем выступілі эксперты амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW). Акцэнты змяшчаюцца, каб запалохаць верагоднасцю ўварвання ЗСУ ў памежныя рэгіёны Расеі.
Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў назваў правакацыямі паведамленні аб рыхтаванні новага набору ваеннаабавязаных. Аб завяршэнні частковай мабілізацыі, распачатай 21 верасня, Уладзімір Пуцін і міністр абароны Сяргей Шайгу абвесцілі 28 кастрычніка. Праз месяц Пуцін запэўніў, што ў працяг мабілізацыі няма неабходнасці. 7 снежня ён паўтарыў гэтыя словы.
Але праваабаронцы непакояцца, што новая хваля мабілізацыі непазбежная, а яе маштабы і арганізацыйныя магчымасці будуць большыя, чым у першай.
Калі?
Магчымую дату пачатку новай хвалі прызыву ваеннаабавязаных расейцаў яшчэ ў лістападзе назваў Генштаб ЗСУ – 10 снежня. Раней Генштаб украінскіх войскаў паказаў нейкі дакумент, нібыта перахоплены ў расейскіх вайскоўцаў. З запіскі вынікала, што Расеі для перамогі над Украінай трэба да 5 млн салдатаў.
Ва Украіне скептычна ацэньваюць здольнасць Расеі правесці такую маштабную мабілізацыю. Увосень стала зразумела, што Мінабароны РФ проста не хопіць рэсурсаў для падрыхтоўкі і забеспячэння такой вялікай арміі, адзначае ўкраінскі Цэнтр нацыянальнага супраціву. Паводле яго звестак, мабілізацыя можа аднавіцца ў лютым.
Расейскія крыніцы часцей за ўсё звязваюць аднаўленне мабілізацыі з пачаткам студзеня. Цяпер ваенкаматы занятыя восеньскім прызывам на тэрміновую службу, а таксама рыхтуюць другую хвалю.
«Ваенкаматы запытваюць спісы супрацоўнікаў на прадпрыемствах, абнаўляюць свае мабілізацыйныя спісы. Так што хто не схаваўся, я не вінаваты», – папярэджвае выканаўчы дырэктар праваабарончай арганізацыі «Школа прызыўніка» Аляксей Табалаў.
У мірны час Табалаў і ягоныя аднадумцы разбіраліся з парушэннем правілаў прызыву на тэрміновую службу, з лютага значна вырасла колькасць скаргаў ад кантрактнікаў, а з канца верасня асноўная частка зваротаў ідзе ад мабілізаваных і іхных сваякоў.
Са словаў праваабаронцы, цэлы шэраг ускосных прыкметаў і непасрэдня выцекі з органаў улады ў рэгіёнах сведчаць, што ў Расеі рыхтуецца «новая вялікая хваля мабілізацыі»:
«Падрыхтоўка ідзе напоўніцу, да яе прыцягнутыя супрацоўнікі мясцовых адміністрацыяў. Цяпер яны пачкамі выпісваюць позвы, а пасля іх будуць разносіць».
Тэлеграм-канал «Можем объяснить» прыводзіць словы адразу трох не звязаных паміж сабой суразмоўцаў у вайсковых камісарыятах у Маскве, Пецярбургу і ў яшчэ адным неназваным рэгіёне. Адна крыніца паведаміла, што «будзе шмат працы ў студзені, лютым». Іншая – што супрацоўнікаў абавязалі «перагледзець справы прызыўнікоў і кантрактнікаў для адпраўкі ім позваў і прыцягнення да мабілізацыі». Гэта сугучна з меркаваннем Генштабу ЗСУ, што новая хваля будзе мець прыхаваны характар. Яе не абвесцяць афіцыйна.
Дзе?
У Маскве і іншых буйных гарадах з пачатку снежня актывізаваліся «заснулыя» было чаты, у якіх дзеляцца магчымымі сведчаннямі рыхтавання да новай хвалі мабілізацыі. «Хлопцы, КК (кіроўная кампанія абслугоўвання шматпавярховіка. – Рэд.) прыйшла, паспрабавала выдаць позву», – напісаў адзін з удзельнікаў такога чату. «Масква, раён Філі-Давыдкава, усім знаёмым прыходзяць позвы. Будзьце асцярожныя!» – піша іншы.
Масквічы распавядаюць пра людзей у форме, якія зноў з’явіліся ў пераходах метро і, як у кастрычніку, спыняюць маладых людзей, каб выдаць ім паперкі, падобныя да позваў. Праверыць гэтую інфармацыю цяжка. Затое ў паштовых скрынях зʼяўляюцца лісты з папярэджаннем аб адказнасці за няяўку па позве.
У чатах актыўна распаўсюджваецца дата – 12 снежня, калі нібыта і адновіцца мабілізацыя, якая на гэты раз павінна засяродзіцца на вялікіх гарадах. Ваеннаабавязаных з сельскай мясцовасці і малых гарадоў пазабіралі ў папярэднюю хвалю, кажуць ананімныя крыніцы.
У гарадах мабілізацыйны рэсурс здабыць будзе лягчэй, згодны Аляксей Табалаў. Ён лічыць, што, як і ў першую хвалю, забяруць усіх, да каго змогуць дацягнуцца. «Тым больш, як паказала практыка, насельніцтва не асабліва і супраціўляецца», – дадаў праваабаронца.
А што ў калоніях?
З пачатку вайны з расейскіх турмаў забралі на фронт ужо каля 35 тысяч зняволеных, паведаміла «Белсату» выканаўчая дырэктарка таварыства абароны правоў зняволеных «Русь сидящая» Вольга Раманава. Яна нагадала, што на пачатак года ў зняволенні былі прыкладна 420 тысяч чалавек (у тым ліку 8 % жанчын, а таксама старыя і цяжкахворыя).
Незадоўга да першай хвалі мабілізацыі заснавальнік ПВК Вагнэра Яўген Прыгожын заявіў, што адпраўка зняволеных на вайну, на незаконнасць якой адразу звярнулі ўвагу юрысты і праваабаронцы, яму бачыцца альтэрнатывай масавай адпраўцы на фронт іншых расейцаў. У выніку мабілізацыі пазбегчы не ўдалося, але і практыку вербавання – у дачыненні да зняволеных аб мабілізацыі гаворкі быць не можа – прызналі паспяховай.
«Цяпер мы бачым, што ў масавым вербаванні без усялякай сарамлівасці ўдзельнічаюць афіцыйныя асобы – ваенкамы і нават пракуроры, – кажа Вольга Раманава. – Літаральна напярэдадні ў ПК-6 у Меліхаве, дзе сядзіць Аляксей Навальны, на вярбоўцы прысутнічаў пракурор у справе нагляду за выкананнем законнасці ў месцах зняволення. У іншай калоніі – ВК-4 у Іванаўскай вобласці – прадстаўнікі ПВК тым жа парадкам завербавалі 29 чалавек».
Праваабаронца тлумачыць, што раней такога не было.
Улады бачаць у зняволеных мабілізацыйны рэсурс, і пакуль нават факты дэзерцірства злачынцаў са зброяй у руках не спыняюць прадстаўнікоў Прыгожына. Праваабаронцы мяркуюць, што для прафілактыкі такіх выпадкаў і з’явілася відэа з жорсткім пакараннем смерцю кувалдай, на якое ўлады паказальна заплюшчылі вочы.
Першая хваля не закончылася?
Яшчэ ў кастрычніку кіраўнік аб’яднання «Агора» Павал Чыкаў тлумачыў, што для завяршэння мабілізацыі патрэбны ўказ прэзідэнта. Пуцін адказаў, што штатныя крамлёўскія юрысты не бачаць у ім неабходнасці. Тым самым прэзідэнт адкрыў вайскоўцам акно магчымасцяў – яны могуць то спыняць, то аднаўляць мабілізацыйныя захады. Бо ўказ працягвае дзейнічаць, а ў ім ёсць сакрэтны пункт, які хавае рэальную колькасць дзейнікаў мабілізацыі па краіне, кажа Чыкаў.
Нават з рашэнняў вайсковых судоў вынікае, што, насуперак заявам Пуціна і Шайгу, мабілізацыя не скончаная. Пры вывучэнні некалькіх крымінальных эпізодаў суды прыйшлі да высновы, што абвінавачаныя здзейснілі злачынствы ў перыяд мабілізацыі, а гэта абцяжарвальная акалічнасць. Суддзі не ўзялі пад увагу, што парушэнні закону здарыліся пазней за заяву Пуціна аб заканчэнні мабілізацыі.
«Ляцець у пекла – дык бізнес-класам». Чаму расейцы вяртаюцца з эміграцыі
Між тым Уладзімір Пуцін даручыў стварыць у Расеі адзіную электронную базу асоб, якія падлягаюць мабілізацыі. Туды павінны ўключыць звесткі аб усіх салдатах тэрміновай службы, кантрактніках і асобах у запасе, а затым злучыць гэтыя звесткі з базамі розных ведамстваў і службаў – ад падатковай і Дзяржаўнай аўтаінспекцыі да паліклінікі па месцы жыхарства.
Калі гэтая ідэя спрацуе, любы кантакт з дзяржавай або бізнесам, які абавяжуць далучыцца да адзінай інфармацыйнай сістэмы, будзе спалучаны з рызыкай праверкі. Згодна з указам, гэтая адзіная база пачне працаваць не пазней за 1 красавіка 2024 года, калі ў Расеі павінен пачацца планавы вясновы прызыў. Але ўжо да канца 2022 года рэгіянальныя ўлады супольна з Мінабароны і Мінлічбы абавязаныя ўдакладніць і алічбаваць спісы з ваенкаматаў, каб сістэма змагла хоць бы часткова працаваць ужо ўзімку і закрыць найбольш адчувальныя праломы мабілізацыйнай працы.
У Дзярждуме з’явілася адразу некалькі ініцыятываў для карэктавання законаў з папраўкай на мабілізацыю. Чалец думскага камітэту абароны генерал-лейтэнант Віктар Собалеў наўпрост заявіў пра верагоднасць аднаўлення мабілізацыі, прычым у поўнамаштабным варыянце, «калі агрэсія з боку заходніх краінаў будзе нарошчваць намаганні супраць Расеі».
Крэмль узважвае рызыкі
Ёсць версія, што да тэмы мабілізацыі Пуцін можа вярнуцца ў штогадовым пасланні да парламенту, якога ў гэтым годзе яшчэ не было. Пры гэтым закрытае сацыялагічнае пытанне, праведзенае сіламі Федэральнай службы аховы, дало несуцяшальныя для Крамля вынікі:
сярод расейцаў удвая вырасла доля прыхільнікаў міру – да 55 %.
Кастрычніцкае апытанне незалежнага Левада-Цэнтру карэлюе з гэтымі лічбамі: «за» і «хутчэй, за» мірныя перамовы выступілі 57 % рэспандэнтаў. Дырэктар Левада-Цэнтру Дзяніс Волкаў наўпрост звязвае запыт на мір з эфектам мабілізацыі.
«Крэмль цяпер узважвае сітуацыю: на адной шалі вагаў – палітычныя рызыкі, звязаныя з ростам незадаволенасці і магчымымі пратэстамі; на другой – вайсковыя плюсы, звязаныя са з’яўленнем на фронце дадатковай колькасці вайскоўцаў. У залежнасці ад таго, якія шалі вагаў пераважаць, такое рашэнне будзе прынята», – каментуе чуткі аб другой хвалі мабілізацыі палітолаг Абас Галямаў.
Роля Менску
Верагоднасць мабілізацыі стане вышэйшай, калі Маскве не ўдасца ўгаварыць Аляксандра Лукашэнку ўступіць у вайну, мяркуюць эксперты. Менавіта з гэтай мэтай на мінулым тыдні ў Беларусь прылятаў Шайгу, лічаць аналітыкі IHS. Раней яны называлі такое ўступленне малаверагодным, улічваючы засцярогі Лукашэнкі праз унутрыпалітычныя чыннікі.
Мінабароны РБ на пачатку кастрычніка паведаміла, што пры неабходнасці зможа прыцягнуць ва Узброеныя сілы 500 тысяч падрыхтаваных ваеннаабавязаных. Але для гэтага спатрэбілася б мабілізацыя, а Лукашэнка не раз заяўляў, што не бачыць у ёй неабходнасці.
У ISW лічаць, што Менск працягне пераконваць Маскву, што адпраўка беларускіх частак ва Украіну аслабіць мяжу Саюзнай дзяржавы перад пагрозай з боку NATO. Пра верагоднасць такой пагрозы Лукашэнка не раз казаў цягам года.
Аляксандр Полазаў / Авер belsat.eu
The post Позвы выпісваюць пачкамі, за вербаваннем сочыць пракурор: у РФ рыхтуюць новую мабілізацыю appeared first on belsat.eu.
#Беларусь
Comments
No comments yet. Be the first to react!