У Маскоўскай вобласці, раніцай 9 снежня распачаўся пажар у гандлёвым цэнтры «Мега Химки». Паводле Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Расеі, загінуў адзін чалавек. Прычыны невядомыя, сярод версіяў – наўмысны падпал.
Пажар у комплексе «Мега Химки» адбываўся на плошчы ў 7000 м², сцвярджае МНС. На месцы працавалі звыш 70 ратавальнікаў і 20 адзінак тэхнікі. Агонь разышоўся на вялікую плошчу праз тое, што дах абваліўся, а доступ кіслароду застаўся – такія канструктыўныя асаблівасці будынку.
На момант публікацыі пажар удалося лакалізаваць, але яго яшчэ не згасілі. Барацьбу з агнём ускладняюць выбухі лакафарбавай прадукцыі.
Прадстаўнікі МНС паведамілі «Інтэрфаксу», што ў пажары загінуў адзін чалавек – мужчына, які, магчыма, быў ахоўнікам. Прычыны пажару невядомыя, разглядаюцца розныя версіі, у тым ліку наўмысны падпал. «РИА Новости» сцвярджае, што падпал – асноўная версія.
Выданне «Baza» адзначае, што пажарнікі дабраліся да гандлёвага цэнтру за 21 хвіліну, хоць рэгламент абавязвае прыязджаць на такія выклікі за 10 хвілін.
Вясною 2018 года ў расейскім Кемераве здарыўся пажар у гандлёвым комплексе «Зимняя вишня», загінулі 60 чалавек, у тым ліку 37 дзяцей. Пасля таго здарэння шмат крытыкавалі як дзеянні ратавальнікаў, так і пажарную бяспеку ў гандлёвых комплексах, а адной з прычынаў праблемаў з пажарнай бяспекай называлі карупцыю.
Алесь Наваборскі belsat.eu
The post Пад Масквой здарыўся вялізны пажар у гандлёвым цэнтры, загінуў чалавек. Падазраюць падпал appeared first on belsat.eu.
#Беларусь
Comments
No comments yet. Be the first to react!