МУС папоўніла «спіс экстрэмістаў», двух адвакатаў, што абаранялі палітвязняў, пазбавілі ліцэнзіі, справа супраць святара, які сядзіць на Акрэсціна 100 содняў. «Белсат» сабраў рэпрэсіі ў Беларусі за дзень.
Жыхара Жодзіна Дзмітрыя Варановіча прызналі вінаватым у абразе Лукашэнкі і двух міліцыянтаў. Суддзя Ганна Мукавозчык прызначыла яму два з паловай гады калоніі і штраф 100 базавых велічыняў.
Палітзняволенага гарадзенца Кірыла Жалудка прыгаварылі да года калоніі за абразу Лукашэнкі. Вырак агучыў суддзя суда Ленінскага раёну Горадні Руслан Гурын.
У Менскім гарадскім судзе вынеслі прыгавор палітвязню Дзянісу Ядзевічу паводле «справы Зельцара». Мужчыну прызналі вінаватым у «абразе прадстаўніка ўлады» і «распальванні варажнечы». Суддзя Анжэла Касцюкевіч адправіла Ядзевіча ў калонію на 2 гады. Пасяджэнне адбылося яшчэ 4 лістапада, але вырак стаў вядомы толькі цяпер.
На святара Уладзіслава Багамольнікава завялі крымінальную справу пасля 100 содняў на Акрэсціна. Яна ўзбуджаная паводле «народнага» артыкулу «Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак». Багамольнікава затрымалі 31 жніўня, з той пары ён сядзіць у ізалятары на Акрэсціна. Суды раз за разам давалі яму новыя тэрміны, агулам сем арыштаў.
Таксама крымінальную справу завялі на блогера Максіма Аўчарэнку. Артыкул – дэманстрацыя нацысцкай сімволікі. Падставай сталі старыя допісы ў Twitter у асноўным з беларускай і ўкраінскай сімволікай, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Аўчарэнку затрымлівалі яшчэ 12 кастрычніка за «радасць ад смерці расейскіх вайскоўцаў» і «абразу Лукашэнкі». Тады ён адседзеў 40 содняў.
Былому палітвязню Іллю Міронаву прызначылі новы арышт, цяпер – 12 содняў. Таксама ў яго канфіскавалі мабільны тэлефон. Актывіста затрымалі ўчора, калі ён пайшоў у РАУС на прафілактычную гутарку. У канцы лістапада ён адседзеў 5 содняў за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
У Віцебску мужчыне прызначылі 10 содняў арышту за надпіс «Жыве Беларусь» на заснежанай машыне. Ён хацеў падняць настрой суседу, якому належыць гэты аўтамабіль. Сусед-міліцыянт жарт не ацаніў. Суд палічыў гэта незаконным пікетаваннем.
КДБ і Следчы камітэт распачалі «спецыяльную вытворчасць» адразу супраць пяці асобаў. І ў кожным разе – з ёмістым спісам абвінавачванняў. Сцяпану Пуціле з NEXTA ставяць у віну 13 пунктаў паводле 11 артыкулаў, блогеру Яну Рудзіку – 12 пунктаў паводле 10 артыкулаў. Грамадскага дзеяча Вадзіма Пракоп’ева вінавацяць паводле 17 пунктаў 9 артыкулаў, Ігара Чамякіна – паводле 12 пунктаў 8 артыкулаў, Дзяніса Хаміцэвіча – паводле 6 пунктаў 5 артыкулаў.
Міністэрства ўнутраных справаў дадало яшчэ 46 асобаў у «спіс экстрэмістаў». Сярод іх – пенсіянерка Эма Сцепулёнак, актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Алена Лазарчык і фігуранты справы «змоўшчыкаў»: Аляксандр Фядута, Рыгор Кастусёў, Юры Зянковіч, Дзяніс Краўчук.
МУС прызнаў экстрэмісцкім фармаваннем «групоўку грамадзян, аб’яднаных пад назвай «Веснікі». Пад забарону трапілі іхныя акаўнты ў Twitter і Instagram, Telegram-каналы, боты ў Telegram і друкаваныя выданні «Беларусский вестник», «Протестная Беларусь», «Протестный Гомель», «Слово Беларусов» ды «7Чижей».
Сёння стала вядома, што 1 снежня кваліфікацыйная камісія міністэрства юстыцыі не атэставала адразу 9 адвакатаў. Акрамя Уладзіміра Пыльчанкі і Віктара Мацкевіча, пра якіх паведамлялася, гэта: Марыя Давыдчык, Сяргей Космач, Галіна Маманько, Уладзімір Ягадзінскі, Людміла Асіеўская, Яўген Дзямбіцкі і Уладзімір Пячэрскі. Адвакатаў Уладзіміра Пыльчанку і Віктара Мацкевіча, якія абаранялі шмат палітвязняў, пазбавілі ліцэнзіі.
Асобам, што былі асуджаныя паводле пратэсных артыкулаў, забаранілі працаваць экскурсаводамі. Такую пастанову ўхваліў урад. Сярод гэтых артыкулаў як адміністратыўныя, гэтак і крымінальныя: напрыклад, распальванне варожасці, актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, абраза Лукашэнкі, распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Сяргей Крот belsat.eu
The post Новыя экстрэмісты і выракі за абразу Лукашэнкі. Рэпрэсіі за 9 снежня appeared first on belsat.eu.
#Беларусь
Comments
No comments yet. Be the first to react!