Штодзённыя палітычныя затрыманні, суды і рэпрэсіі працягваюцца ў Беларусі ўжо два гады. «Белсат» вядзе хроніку рэпрэсіяў. Вось што стала вядома за 22 ліпеня.

Праваабаронцы Беларусі прызналі 6 новых палітвязняў. Гэта Андрэй Паднябенны, Дзмітрый Нешта, Анатоль Яскевіч, Аляксандр Францкевіч, Андрэй Дзенісенка, Іван Губчык. Усяго 1263 чалавекі ў Беларусі прызнаныя палітычнымі зняволенымі.
У Беларусі новыя масавыя затрыманні за каментары аб загінулым міліцыянеры з Баранавічаў. Ужо з’явіліся «пакаяныя відэа» з пяццю мужчынамі, якіх абвінавачваюць у абразе загінулага сілавіка па арт. 130 КК («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы»).
КДБ унёс у «спіс тэрарыстаў» яшчэ восем чалавек. Гэта Віталь Барысевіч, Юры Станеўскі, Арцём Мазанік, Цімафей Галубко, Аляксей Кудасаў, Алена Лазарчык, Аляксандр Петушкоў, Андрэй Сачэўка. Цяпер у спісе 888 чалавек, 147 з якіх – беларусы.
Затрыманы магілёўскі хірург з 15-гадовым стажам працы Цімафей Ярошчык. Сківічна-тварнага хірурга абвінавачваюць у нібыта «зліве» асабістых дадзеных супрацоўніка МУС.
У Ваўкавыску чацвёра амапаўцаў у поўнай амуніцыі затрымалі супрацоўніка «Краснасельскбудматэрыялы». Нібыта за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама матэрыялаў, якія «ганьбяць» Лукашэнку і нацыянальныя сімвалы Рэспублікі Беларусь.
Палітзняволеных мужа і жонку асудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыях пратэсту. Гэта палітзняволеныя Санта Франчук і Уладзімір Дальшоў, іх вызвалілі ў залі суда. Сужэнцы – праграмісты з Менску, іх абвінавацілі ва ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак за фатаграфіі з мітынгаў.
Алена Рувіна belsat.eu
#Беларусь
Comments
No comments yet. Be the first to react!