Нацыянальны банк Беларусі абвесціў, што з 12 снежня ў кошыку валют не будзе еўра. Тлумачаць гэта зніжэннем аб’ёму разлікаў у гэтай валюце. Эканамістка Настасся Лузгіна сказала «Белсату», што гэта дрэнны знак: беларускія ўлады чакаюць, што гандаль з ЕЗ, які сціснуўся праз санкцыі, зменшыцца яшчэ болей.
Нацбанк Беларусі пастанавіў выдаліць з 12 снежня еўра з кошыку валют. Такое паведамленне зʼявілася на сайце рэгулятара.
«На фоне скарачэння тавараабароту з краінамі ЕЗ разлікі ў еўра зменшыліся. Змянілася структура гандлёвых аперацый на Беларускай валютна-фондавай біржы. Адбылося павелічэнне абʼёму ўгодаў з расейскім рублём і ягонай долі ў агульным абʼёме біржавых таргоў пры адначасовым зніжэнні абʼёму і долі аперацый з еўра», – патлумачыў Нацбанк.
Там адзначылі, што сёлета вонкавы гандаль Беларусі павялічваецца з краінамі ЕАЭС, найперш Расеяй, а таксама з Кітаем. Адначасова партнёры пашыраюць разлікі ў нацыянальных валютах.
Цяпер доля расейскага рубля ў кошыку валют будзе складаць 60%, долара – 30% і кітайскага юаня – 10%.
У Нацбанку адзначылі, што таргі з еўра на Беларускай валютна-фондавай біржы працягнуцца, а курс рубля будзе вызначацца на падставе інфармацыі аб крос-курсе еўра да долара ЗША на міжнародных фінансавых рынках.
Старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна ў каментары для «Белсату» заўважыла, што гэтыя захады Нацбанку наўпрост беларусаў не закрануць: еўра як быў у абменніках, так і застанецца, але для эканомікі гэта новыя выклікі.
«Гэта сведчыць пра тое, што рэгулятар бачыць на перспектыву, што значнасць еўра і еўрапейскай эканомікі для Беларусі будзе зніжацца. Абʼём гандлю з ЕЗ ужо знізіўся праз санкцыі, абароты ў еўра знізіліся і мяркуецца, што прадоўжаць сціскацца», – сказала экспертка.
Лузгіна адзначыла, што доля Расеі ў вонкавым гандлі павялічваецца, а гэта нясе пагрозы для беларускай эканомікі.
«Арыентаванасць гандлю на адну краіну – гэта дрэнна, узнікаюць падвышаныя рызыкі. Мы становімся больш залежнымі ад адной краіны, не дыверсіфікуем рызыкі, а спадзяемся ўсё болей на адну краіну, Расею, якая сама знаходзіцца пад санкцыямі», – падкрэсліла эканамістка.
Суразмоўца «Белсату» звярнула ўвагу на глабальны разварот беларускай эканомікі з захаду на ўсход.
«Нельга казаць, што гэта пазітыўны момант. Напрыклад, лагістыка: дзе знаходзіцца Кітай, а дзе знаходзіцца Польшча. Таксама былі наладжаныя шматгадовыя сувязі з краінамі ЕЗ, у якіх нармальна працавалі, бізнес быў наладжаны. Цяпер усё гэта аўральным шляхам ідзе на ўсход», – падсумавала Настасся Лузгіна.
Сяргей Крот belsat.eu
The post Нацбанк Беларусі выдаліць еўра з кошыку валют. І гэта кепска appeared first on belsat.eu.
#Беларусь
Comments
No comments yet. Be the first to react!