Лукашэнка сказаў, што ўсе магчымыя санкцыі супраць ягонага рэжыму ўжо ўвялі. Гэта не так

Аляксандр Лукашэнка 9 снежня прыляцеў у Бішкек на паседжанне Вышэйшай Еўразійскай эканамічнай рады з удзелам кіраўнікоў Расеі, Казахстану, Арменіі і Кыргызстану. Сярод іншага ён разважаў пра санкцыі заходніх краінаў, піша БелТА.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка. Менск, Беларусь. 24 лютага 2022 года. Фота: president.gov.by

На думку Аляксандра Лукашэнкі, «прымітыўная штампоўка калектыўным Захадам бяздумных пакетных эканамічных санкцый супраць Беларусі і Расеі пачынае заціхаць», бо «ўсё, што можна было забараніць і абмежаваць, няхай нават і сабе на шкоду, нашы контрпартнёры ўжо зрабілі».

Ён лічыць, што санкцыі больш ударылі па саміх ініцыятарах санкцыяў, прывялі да эканамічнага і харчовага крызісу на Захадзе, а хутка ў некаторых краінах прывядуць да палітычнага крызісу.

Гэта няпраўда. Напрыклад, паводле прагнозаў Міжнароднага валютнага фонду, за 2022 год валавы ўнутраны прадукт вырасце амаль ва ўсіх краінах Еўропы. Падзенне будзе толькі ў Беларусі, Расеі і Украіне. На тэрыторыі апошняй ідзе поўнамаштабная вайна, у якой Расея наносіць прыцэльныя ўдары па цывільнай інфраструктуры. Пры тым у Беларусі (якая толькі саўдзельнічае ў нападзе, і тое не наўпрост) прагназуюць падзенне ВУП на 7 %, а ў Літве і Польшчы, якіх рэжым Лукашэнкі любіць вінаваціць ва ўсіх бедах, ВУП мае вырасці адпаведна на 1,8 % і 3,8 %.

Харчовы крызіс мог здарыцца ў бедных краінах Афрыкі, і не праз санкцыі, а праз расейскі напад на Украіну. Энергетычны крызіс у Еўропе сапраўды мог здарыцца, але выглядае на тое, што еўрапейскія краіны падрыхтаваліся да зімы, а ад газавага шантажу Уладзіміра Пуціна больш пацерпіць сама Расея.

Няпраўда і тое, што супраць рэжыму Лукашэнкі ўвялі ўсе магчымыя санкцыі. Кіраўнік Народнага антыктызіснага ўпраўлення, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка заяўляў, што многія еўрапейскія палітыкі схіляюцца да думкі, што «можа лепш паспрабаваць з Лукашэнкам дамовіцца». Яны лічаць, што, калі не ўводзіць новыя санкцыі супраць уладаў Беларусі, то гэта створыць глебу для таго, каб Лукашэнка не ўцягнуўся ў вайну супраць Украіны больш актыўна.

Нагодай для заўвагаў Латушкі стала сітуацыя з новым пакетам санкцыяў у сувязі з вайной ва Украіне. Еўразвяз плануе яго прыняць 12 снежня. Раней заходнія медыі паведамлялі, што ў рамках новага пакету абмежаванні будуць уведзены не толькі супраць Расеі, але і супраць Беларусі. Аднак на мінулым тыдні карэспандэнт радыё «Свабода» у Бруселі Рыкард Юзьвяк расказаў, што ў новым пакеце санкцыяў, які плануецца прыняць 12 снежня, Беларусі не будзе.

Аналітыка

Кансультацыі ідуць: ці здольны Лукашэнка дамовіцца з Захадам?

2022.12.07 17:36

Алесь Наваборскі belsat.eu

The post Лукашэнка сказаў, што ўсе магчымыя санкцыі супраць ягонага рэжыму ўжо ўвялі. Гэта не так appeared first on belsat.eu.

#Беларусь