Аляксандр Лукашэнка 9 снежня прыляцеў у Бішкек на паседжанне Вышэйшай Еўразійскай эканамічнай рады з удзелам кіраўнікоў Расеі, Казахстану, Арменіі і Кыргызстану. Пасля паседжання ён паведаміў журналістам пра «ўмовы для ўсталявання міру ва Украіне», піша БелТА.
Як лічыць Аляксандр Лукашэнка, калі прэзідэнт Украіны будзе патрабаваць сыходу расейскіх войскаў з тэрыторыі Украіны, то Уладзімір Пуцін не пойдзе на такія перамовы:
«На дадзеным этапе, мне здаецца, Расея наогул можа не прыняць гэтых умоваў: сыходзьце з Запарожжа, Херсону і гэтак далей, – казаў Лукашэнка. – Нельга такія патрабаванні высоўваць Расейскай Федэрацыі. З шмат якіх прычынаў».
З Херсону расейскія войскі сышлі амаль месяц таму – і не дзеля перамоваў, а ў выніку ўкраінскага контрнаступу. Расейскія войскі застаюцца ў Херсонскай вобласці на левым беразе Дняпра. Ды яны будуюць такія ўмацаванні, нібы збіраюцца не спыніць украінскі контрнаступ, а толькі запаволіць яго.
Лукашэнка ж настойвае:
«Калі хочаце міру, трэба сесці за стол перамоваў і там у цішыні, спакоі абмяркоўваць усе пытанні: хто што павінен вызваліць – ці Расея, ці Украіна. Калі гэтых крокаў няма, чытай: яны не хочуць гэтых перамоваў і размоваў».
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі раней заяўляў, што гатовы да перамоваў. Але з нядаўняга часу стаў казаць, што гатовы да перамоваў толькі пасля поўнай дэакупацыі Украіны і «з іншым прэзідэнтам Расеі». Ён настойвае, што дзеля перамоваў трэба спачатку вывесці з Украіны расейскія войскі і спыніць баявыя дзеянні, гарантаваць ядравую і радыяцыйную, харчовую і энергетычную бяспеку. Расея намякае на жаданне мірных перамоваў – ходзяць чуткі, што «эліты» пачынаюць разумець: вайну ва Украіне Расея прайграла.
Аляксандр Фрыдман, беларускі гісторык і палітычны аглядальнік, адзначыў у Telegram, што «з хітрасцю і палітычнымі інстынктамі ў Лукашэнкі ўсё па-ранейшаму добра». Ён пакінуў сваімі заявамі пасланне Захаду: нібыта заўсёды казаў Пуціну пра спыненне вайны і ніколі не абмяркоўваў «вызвалення» канкрэтных тэрыторыяў, а ва ўсім вінаваты не ён, а Пуцін.
Алесь Наваборскі belsat.eu
The post Лукашэнка распавёў, што Расея не пойдзе на перамовы з Украінай, калі перадумовай будзе сыход войскаў appeared first on belsat.eu.
#Беларусь
Comments
No comments yet. Be the first to react!