Найбуйнейшая шведская сетка крамаў адзення «H&M» зноў адкрыецца ў Беларусі з наступнага панядзелка, 19 верасня. Пра гэта паведаміў менскі блогер Максім Пушкін, таксама гэтую інфармацыю пацвердзілі парталу «Onliner» работнікі сеткі ў адным з гандлёвых цэнтраў.

Пакуль невядома, будзе гэта толькі буйны распродаж перад канчатковым закрыццём ці крамы працягнуць сваю працу на сталай аснове.
Праца кампаніі «H&M Group» у Беларусі і Расеі была прыпыненая 2 сакавіка «на нявызначаны тэрмін» праз пачатак вайны ва Украіне. Улетку «H&M» паведаміла аб тым, што мае намер цалкам згарнуць і прадаць свой бізнес у Расеі, але па Беларусі рашэнне было неадназначным. Тады ў прэс-службе кампаніі распавялі, што крамы ў Беларусі запрацуюць, але далейшы іх лёс незразумелы:
«Мы часова адкрыем нашы магазіны ў Беларусі, пакуль будзем ацэньваць, як дзейнічаць у доўгатэрміновай перспектыве».
Усяго ў Беларусі тры крамы «H&M». Дзве ў Менску – у ГЗЦ «Palazzo» і «Galleria Minsk», і адзін у Горадні – у ГЗЦ «Triniti».
Алена Рувіна belsat.eu
#Беларусь
Comments
No comments yet. Be the first to react!