Колькасць загінулых у выніку ракетных удараў па Чапліне вырасла да 22 чалавек

Колькасць загінулых у выніку ракетных удараў па Чапліне, што ў Днепрапятроўскай вобласці, у тым ліку па чыгуначнай станцыі, павялічылася да 22 чалавек. Пра гэта 24 жніўня ў вечаровым відэазвароце паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

«Чапліна – наш боль сёння. Стан на дадзеную хвіліну – 22 загінулых, з іх пяцёра згарэлі ў машыне, загінуў падлетак, яму было 11 гадоў, расейская ракета разбурыла ягоны дом. Пошукава-выратавальныя працы на чыгуначнай станцыі працягваюцца», – сказаў Зяленскі.

Расейскія войскі ўдарылі па станцыі ў Дзень Незалежнасці Украіны 24 жніўня, паведамлялася аб ўзгаранні пяці пасажырскіх вагонаў.

Днём 24 жніўня расейская ракета таксама знішчыла прыватны дом у Чапліне, паведаміў намеснік кіраўніка офісу прэзідэнта Кірыл Цімашэнка. Пад заваламі засталіся тры чалавекі – жанчына і двое дзяцей. Жанчыну і 13-гадовага хлопчыка выратавалі мясцовыя жыхары. Цела загінулага 11-гадовага хлопчыка з-пад завалаў дасталі ратавальнікі.

Пазней былі нанесеныя яшчэ два ўдары па Чапліне – спачатку адной ракетай, а затым яшчэ трыма. Першая атака пашкодзіла гаспадарчыя пабудовы чыгункі, наступныя – трапілі ў чыгуначную станцыю, падкрэсліў Цімашэнка.

Вынік ракетнага ўдару па Днепрапятроўскай вобласці 24 жніўня. Фота: dneproperatyv / Telegram

Hавiны

У Днепрапятроўскай вобласці ў выніку ракетнага ўдару па чыгуначнай станцыі загінулі 15 чалавек

2022.08.24 21:42

Алена Рувіна belsat.eu


#Беларусь