Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША 8 снежня ўхваліла законапраект аб прызнанні аднаполых шлюбаў ва ўсёй краіне, піша CNN. Сенат ЗША ўжо ўхваліў праект раней. Каб законапраект стаў законам, яго засталося толькі падпісаць прэзідэнту – а ён абяцаў гэта зрабіць.
У Палаце прадстаўнікоў за законапраект прагаласавалі 258 дэпутатаў: усе з Дэмакратычнай партыі і 39 дэпутатаў з Рэспубліканскай. 169 галасоў было супраць, усе ад рэспубліканцаў. Сенат у канцы лістапада ўхваліў гэты законапраект з 61 голасам «за» і 36 «супраць», яго падтрымалі ў тым ліку 12 рэспубліканцаў.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падтрымліваў законапраект і мае падпісаць яго. Ухваленне аднаполых шлюбаў на федэральным узроўні гэта «аднаўленне бяспекі для мільёнаў шлюбаў і сем’яў», «надзея і годнасць мільёнаў маладых людзей», цытуе Байдэна «USA Today».
Да 2015 года 31 штат забараняў аднаполыя шлюбы. У 2015 годзе ўсе штаты былі прымушаныя прызнаваць права на аднаполыя шлюбы рашэннем Вярхоўнага суду. Але пасля таго, як у 2022 годзе Вярхоўны суд скасаваў рашэнне, якое бараніла права на аборты, абарону аднаполых шлюбаў вырашылі зрабіць законам, каб Вярхоўны суд не перадумаў адносна аднаполых шлюбаў.
Гэты законапраект сярод іншага скасоўвае закон «Аб абароне шлюбу» 1996 года, які вызнаваў шлюб толькі між мужчынам і жанчынай. Закон быў прызнаны неканстытуцыйным яшчэ ў 2013 годзе. Законапраект таксама бароніць міжрасавыя шлюбы, якія былі забароненыя ў частцы штатаў да 1967 года.
У Беларусі аднаполыя шлюбы не дазволеныя, Канстытуцыя называе шлюбам толькі саюз мужчыны і жанчыны.
Алесь Наваборскі belsat.eu
The post Злучаныя Штаты легалізуюць аднаполыя шлюбы на федэральным узроўні, каб іх не забараніў Вярхоўны суд appeared first on belsat.eu.
#Беларусь
Comments
No comments yet. Be the first to react!