Затрыманні адміністратараў чата, турма за Instagram. Хроніка рэпрэсіяў за 8 снежня

«Белсат» працягвае адсочваць факты рэпрэсіяў беларусаў рэжымам Лукашэнкі і звязаныя з гэтым працэсы і з’явы.

ГУБАЗіК затрымаў чатырох адміністратараў чата «Тыповая Серабранка». Паводле сілавікоў, у дачыненні да затрыманых распачалі крымінальную справу паводле арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Падрабязнасці затрымання высвятляюцца.

Чарговы прысуд па «справе Зельцэра». У Гомельскім абласным судзе асудзілі палітзняволенага Руслана Асятрова паводле ч. 1 арт. 130 (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Аляксей Хлышчанкоў прызначыў палітвязню два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Руслана затрымалі 29 верасня 2021 года па крымінальнай справе, узбуджанай за каментары ў Інтэрнэце пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра.

Суд Партызанскага раёна Менска завяршыў разгляд крымінальнай справы 53-гадовага жыхара сталіцы Вадзіма Калініна. Яго абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі паводле ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Судовы працэс вяла суддзя Наталля Дзядкова. Згодна з прад’яўленым абвінавачаннем, Вадзім у лютым 2022 года пакінуў у сацыяльнай сетцы Instagram пад публікацыяй акаўнта «minsk_news» з выявай Аляксандра Лукашэнкі каментар абразлівага характару ў ягоны адрас. Суд прызначыў Калініну пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін адзін год з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама да яго будуць ужытыя прымусовыя меры бяспекі і лячэння ад хранічнага алкагалізму.

У Беларусі зноў паболела «экстрэмістаў». Старонка «Zerkalo_io» у Instagram прызнаная «экстрэмісцкай». Таксама ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» трапіў акаўнт у TikTok «Кастусь Каліноўскі».

Гамяльчанку выпусцілі на волю пад асабістае паручальніцтва, а яна збегла. Паручальнікам далі вялізныя штрафы. На Алену Кравец завялі крымінальную справу за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». На стадыі папярэдняга следства сваякі і знаёмыя жанчыны падалі хадайніцтва аб выбары для яе меры страымання ў выглядзе асабістага паручальніцтва. 26 кастрычніка Алена прысутнічала на паседжанні ў Гомельскім абласным судзе, але на наступнае паседжанне 31 кастрычніка ўжо не прыйшла. У выніку на двух паручальнікаў склалі пратаколы, а пазней суд Цэнтральнага раёну Гомля аштрафаваў адну з іх на 100 базавых велічынь (3 200 BYN), а іншага − на 120 базавых (3 840 BYN).

Палітзняволенай Ірыне Слаўнікавай дазволілі сустрэцца з бацькамі пасля разгляду апеляцыі ў Вярхоўным Судзе 6 снежня. Хаця судзі пакінулі вырак без зменаў але пасля журналістцы сустрэчу з бацькамі. Бацькі Ірыны распавялі ейнаму мужу, што выглядае яна добра і пачуваецца бадзёра. Яна перакананая ў сваёй невінаватасці і ў тым, што яе зняволенне − гэта палітычны пераслед за журналісцкую дзейнасць. Яна падзякавала за падтрымку ўсім блізкім, знаёмым і калегам. Яна верыць, што хутка справядлівасць возьме верх.

70-гадовы палітвязень Віталь Зарадзей выйшаў на волю. Ён − былы вайсковец, ліквідатар аварыі на ЧАЭС. Віталя затрымалі 29 сакавіка 2021 года. Яго абвінавацілі ў тым, што ён падаваў у канцылярыі судоў позвы, дзе, паводле экспертызаў, «дапускаў негатыўную ацэнку» суддзяў і Аляксандра Лукашэнкі. Сілавікі налічылі 7 такіх «правапарушэнняў». Даведацца, якімі ж словамі Віталь пакрыўдзіў Лукашэнку і суддзяў, не давялося: гэтую частку суда закрылі. 9 жніўня 2021 года яму прысудзілі два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Тэрмін Віталь адбываў у шклоўскай папраўчай калоніі № 17.

Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб амністыі. Ад крымінальнага пакарання вызваляць каля 4,5 тысячы асуджаных. Ці закране гэта каго-небудзь з палітвязняў, дакладна не вядома, але ў законе пазначана, што амністыя «не будзе распаўсюджвацца на асобаў, якія ўчынілі злачынствы тэрарыстычнай або экстрэмісцкай накіраванасці».

Hавiны

Беларусы замежжа зладзяць супольныя прагляды ўручэння Нобэлеўскай прэміі міру

2022.12.08 14:26

Антон Тачняк belsat.eu

The post Затрыманні адміністратараў чата, турма за Instagram. Хроніка рэпрэсіяў за 8 снежня appeared first on belsat.eu.

#Беларусь