Ужо больш за два гады ў Беларусі штодзень адбываюцца палітычныя затрыманні і суды. «Белсат» вядзе хроніку рэпрэсіяў. Вось што стала вядома за 16 верасня.

Сілавікі затрымалі журналіста «Прессбола» Андрэя Ільеню і асудзілі яго да 10 содняў арышту. За што – не паведамляецца. Ільеня працуе каментатарам на матчах чэмпіянату Беларусі, у тым ліку на беларускай мове.
КДБ унёс у «спіс тэрарыстаў» яшчэ 15 чалавек, большасць з якіх – палітвязні. У спіс унеслі Матвея Гранкевіча, Алега Бірулю, Таццяну Бірулю, Алега Гаўрылава, Сяргея Пасюка, Аляксея Шышкаўца, Сяргея Рабцава і Іллю Краўчэўскага, Віталя Жылінскага, Івана Паршына, Яўгена Клімава, Сяргея Нялепку, Роберта Кузняцова, Яўгена Люльковіча і Мікіту Палеонка. Цяпер у «тэрарыстычным» спісе КДБ 905 чалавек.
Затрыманы ўладальнік сталічнага рэстарану-клубу «Мулен Руж» Бахшы Ганбараў. На «пакаянным відэа» 55-гадовы мужчына расказвае, што прыязджаў на Менскі трактарны завод у 2020 годзе, калі побач з прахадной заводу адбываліся пратэсты. Абставіны затрымання бізнесоўца не вядомыя, як і тое, ці заведзеная на яго крымінальная справа.
«Рэйкаваму партызану» з Віцебску Сяргею Канавалаву прысудзілі 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго затрымалі 6 сакавіка 2022 года за «падрыхтоўку акту тэрарызму», паведамляюць праваабаронцы. Згодна з дадзенымі МУС, 50-гадовы мужчына нібыта планаваў вывядзенне са строю сістэм, якія забяспечваюць бяспеку чыгуначнага руху.
Былому актывісту Моладзі БНФ Арсенію Дзядку прысудзілі тры гады «хіміі». 19-гадовага хлопца абвінавацілі ў актыўным удзеле адразу ў пяці паслявыбарчых акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
Святара Уладзіслава Багамольнікава, які ў 2020 годзе праводзіў службу па Раману Бандарэнку на «Плошчы Перамен», паўторна асудзілі. 14 верасня яго перазатрымалі па новым пратаколе і зноў асудзілі на 15 содняў паводле арт. 19.11 КаАП за рэпост з «экстрэмісцкага» канала. У першы раз святара асудзілі на 14 содняў арышту.
Былога тэлевядучага і экс-кіраўніка прэзідэнцкага пула на АНТ Дзмітрыя Семчанку арыштавалі на 15 содняў паводле арт. 19.1 КаАП («Дробнае хуліганства»). Яго жонцы Юліі прызначылі штраф у памеры 960 рублёў (30 базавых велічыняў) за рэпосты з «экстрэмісцкіх» каналаў.
Галоўнага рэдактара онлайн-газеты «Бобруйский курьер» Анатоля Санаценку арыштавалі на 15 содняў. Падрабязнасці і прычыны затрымання невядомыя. Інфармацыі пра тое, дзе і калі быў суд, таксама няма.
У Гомлі затрымалі інжынера па тэхніцы бяспекі Аляксандра Прахарэнку. Яму інкрымінуюць арт. 130 КК («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці») і арт. 391 КК («Абраза суддзі»).
Яшчэ адну кнігу гісторыка Анатоля Тараса «Кароткі курс гісторыі Беларусі IXX – XXI стст.» прызналі «экстрэмісцкай». У траўні ўлады знайшлі «экстрэмізм» у яшчэ адной кнізе аўтара – зборнік артыкулаў «Беларусь на раздарожжы».

З пачатку верасня ў інстытуце генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі адбываюцца затрыманні. Так, 5 верасня быў затрыманы малодшы навуковы супрацоўнік інстытуту Аляксандр Кандрацюк, 14 верасня сілавікі затрымалі Яўгена Сысаляціна, а 15 верасня сілавікі зноў прыязджалі ў інстытут. Вядома, што адну з супрацоўніц міліцыянты адвозілі на «гутарку» і запісалі з жанчынай «пакаяльнае відэа».
Таксама БАЖ паведамляе пра допыты і ператрусы ў рэгіянальных журналістаў. Так, за апошнія тры дні да рэгіянальных журналістаў ізноў пачалі прыходзіць сілавікі. Як мінімум у трох гарадах Беларусі адбылося не менш пяці ператрусаў, а некаторыя атрымалі выклікі ў міліцыю.
Алена Рувіна belsat.eu
#Беларусь
Comments
No comments yet. Be the first to react!