Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 9 снежня

«Белсат» падводзіць вынікі 289-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 9 снежня чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскі танк на вуліцы Бахмуту. Данецкая вобласць, Украіна. 16 лістапада 2022 года. Фота: Белсат

Цягам апошніх содняў працягваліся пазіцыйныя баі ў паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці, а таксама на захадзе Луганскай.

Паводле Міністэрства абароны РФ, расейскія вайскоўцы, адбіўшы контратакі Збройных сілаў Украіны, наступалі на захад ад Крэмінной, а таксама наносілі авіяцыйныя ўдары па ўкраінскіх жывой сіле і тэхніцы ў ваколіцах населеных пунктаў Сінькаўка, Табаеўка і Бераставое.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў піша, што войскі РФ атакавалі ў ваколіцах Стэльмахоўкі і Белагораўкі, атаку на апошнюю пацвярджае і Генеральны штаб ЗСУ. Таксама Пегаў сцвярджае, што ў ваколіцах Чырвонапапоўкі і Плашчанкі працягваюцца сустрэчныя баі.

Тэлеграм-канал «Иди и смотри» паведамляе, што ЗСУ перакідаюць рэзервы з Харкава ў Купянск, рыхтуючыся да наступу на горад Сватава ў Луганскай вобласці.

На тэрыторыі Данецкай вобласці расейцы наступаюць на бахмуцкім і аўдзееўскім кірунках. Аналітыкі праекту Deepstatemap пішуць, што расейцы маюць поспехі на ўсходніх ускрайках Бахмуту, а таксама зайшлі ў паўднёвую частку сяла Вадзяное. У ваколіцах Белагораўкі (Данеччына), Кляшчэеўкі, Первамайскага і Невельскага працягваюцца баі.

Генштаб ЗСУ паведамляе, што ў Мар’інцы працягваюцца гарадскія баі.

Сямён Пегаў піша пра расейскія атакі ў ваколіцах Новаміхайлаўкі, Дружбы, Бахмуцкага і Якаўлеўкі. Таксама расейскі ваенкор сцвярджае, што ўкраінскія войскі ў Салядары панеслі вялізныя страты, у выніку чаго плануецца іхны вывад у горад Славянск, адкуль на замену ім адправяцца байцы падраздзялення «Айдар» і кіеўская тэрабарона.

Паводле расейскага камандавання, украінскія сілы атакавалі пазіцыі праціўніка ў ваколіцах Уладзіміраўкі і Паўлаўкі на паўднёвым участку фронту ў Данецкай вобласці.

На лініі фронту ў Запарожскай вобласці сітуацыя застаецца адносна стабільнай. Мінабароны РФ піша пра атаку ЗСУ ў ваколіцах Навадараўкі. Украінскі Генштаб паведамляе пра нанясенне ўдараў па жывой сіле і тэхніцы праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Бярдзянск, Такмак, Мелітопаль, Энергадар, Днепраруднае, Палогі і Васільеўка. Паводле крыніцы, расейцы страцілі каля 240 вайскоўцаў. Ракетны ўдар па ваенным аэрадроме ў Такмаку пацвярджае і Сямён Пегаў.

Пра баі ў Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях ніводны з бакоў канфлікту не паведамляе. Разам з тым дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч заявіў, што расейцы высадзілі зводнае падраздзяленне на Вялікі Пацёмкінскі востраў у дэльце Дняпра, каб не дапусціць высадкі ЗСУ на левы бераг. Паводле Арэстовіча, цяпер для ўкраінскай артылерыі «з’явіўся добры палігон».

Генштаб Збройных сілаў Украіны піша, што за содні было знішчана каля 310 расейскіх вайскоўцаў, пасля чаго агульныя беззваротныя страты РФ дасягнулі 93 390 чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Агляд

Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 8 снежня

2022.12.08 18:31

ВК belsat.eu

The post Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 9 снежня appeared first on belsat.eu.

#Беларусь