«Белсат» падводзіць вынікі 288-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 8 снежня чытайце ў нашым аглядзе.
На беларуска-ўкраінскай мяжы сітуацыя застаецца адносна спакойнай. Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны не адзначае фармавання наступальных груповак праціўніка.
На поўначы Чарнігаўскай і Сумскай вобласцяў цягам содняў ніводны з бакоў канфлікту не праводзіў наземныя аперацыі, пры гэтым расейскія войскі працягвалі абстрэльваць з артылерыі памежныя населеныя пункты Украіны.
На поўначы Харкаўскай вобласці, акрамя абстрэлаў украінскіх пазіцыяў, расейцы правялі няўдалую атаку ў ваколіцах памежнага сяла Цярновая.
Непасрэдна па лініі фронту ў паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці, а таксама на захадзе Луганскай працягваюцца пазіцыйныя баі.
Генштаб ЗСУ паведамляе пра адбіццё атак праціўніка каля населеных пунктаў Стэльмахоўка, Плашчанка, Чырвонапапоўка і Белагораўка.
У сваю чаргу Міністэрства абароны РФ сцвярджае, што расейцы наступалі на захадзе ад Крэмінной, а таксама білі з артылерыі па ўкраінскіх пазіцыяў у ваколіцах Купянску.
Прарасейскі ваенкор Сямён Пегаў піша, што ў ваколіцах Чырвонапапоўкі ідуць сустрэчныя баі: ЗСУ намагаюцца прарвацца да ўчастку трасы Р-66, расейцы ў сваю чаргу спрабуюць адсунуць украінцаў на захад ад дарогі.
Між тым кіраўнік Луганскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай мяркуе, што расейцы рыхтуюцца да здачы гарадоў Сватава і Крэмінная, таму ўжо цяпер рыхтуюць другую лінію абароны ў рэгіёне каля Старабельску. Паводле Гайдая, ужо цяпер праціўнік перакідае на гэты ўчастак вялікую колькасць жывой сілы і тэхнікі.
Па лініі фронту ў Данецкай вобласці ініцыятывай па-ранейшаму валодаюць Узброеныя сілы РФ. Украінскае камандаванне піша пра адбіццё атак праціўніка каля Белагораўкі (Данецкая вобласць), Бераставога, Якаўлеўкі, Бахмуцкага, Бахмуту, Вопытнага, Курдзюмаўкі, Маёрску, Мар’інкі і Новаміхайлаўкі.
Аналітыкі праекту Deepstatemap адзначаюць стралковыя баі Белагораўцы, а таксама частковы поспех расейцаў на ўсходзе Бахмуту. На аўдзееўскім кірунку фіксуюцца цяжкія баі, але пра змены ў лініі фронту не паведамляецца.
У гэты ж час вядома, што ЗСУ контратакавалі ў бок населеных пунктаў Спірнае, Бераставое і Нікольскае.
Паводле ўкраінскага камандавання, на тэрыторыі Запарожскай вобласці расейцы абараняюцца. Між тым абодва бакі канфлікту працягваюць наносіць артылерыйскія ўдары.
Пра змены ў лініі фронту на тэрыторыі Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцяў не паведамляецца.
Генштаб ЗСУ паведамляе, што за мінулыя содні было знішчана каля 340 расейскіх вайскоўцаў, пасля чаго агульныя беззваротныя страты РФ з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне дасягнулі 93 080 чалавек.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
ВК belsat.eu
The post Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 8 снежня appeared first on belsat.eu.
#Беларусь
Comments
No comments yet. Be the first to react!