Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 25 кастрычніка

«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 25 кастрычніка чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскія вайскоўцы страляюць з мінамёта на лініі фронту ў Харкаўскай вобласці. Украіна, 25 кастрычніка 2022 г. Фота: VYACHESLAV MADIYEVSKYY / Reuters / Forum

Цягам содняў адносна стабільнай заставалася сітуацыя на ўчастку фронту на паўночным усходзе Харкаўскай вобласці: ніводны з бакоў канфлікту не паведамляе пра змены ў лініі фронту, пры гэтым праціўнікі абменьваюцца артылерыйскімі ўдарамі. Між тым тэлеграм-канал «Рыбарь» мяркуе, што цяпер ЗСУ назапашваюць сілы для наступу на расейскія пазіцыі ў ваколіцах Кіслоўкі.

Тым часам адбыліся змены ў лініі фронту ў Луганскай вобласці: украінскі Генштаб заявіў пра выбіццё расейскіх войскаў з населеных пунктаў Кармазінаўка, Мясажараўка і Невельскае. Гэтую інфармацыю пацвярджае і прарасейскі тэлеграм-канал «WarGonzo», які заўважае, што цяпер украінскія сілы трымаюць пад агнявым кантролем участак трасы Р-66 паміж Сватавым і Крэмінной. Таксама Збройныя сілы Украіны атакавалі расейскія пазіцыі ў ваколіцах Неўскага і Куземаўкі. Пры гэтым кіраўнік Луганскай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай паведамляе, што расейцы здолелі арганізаваць добрую лінію абароны ў рэгіёне, таму вызваленне вобласці даецца цяжка.

Расейскія войскі ў сваю чаргу атакавалі пазіцыі ЗСУ ў Белагораўцы, тэлеграм-канал «Старше Эдды» заяўляе, што расейцы атакуюць таксама і ў ваколіцах Крэмінной.

У Данецкай вобласці Збройныя сілы Украіны вызвалілі населены пункт Новасадовае, а таксама адбілі расейскія атакі на Спірнае, Бахмут, Салядар, Андрэеўку, Мар’інку, Первамайскае, Белагораўку, Верхнякаменскае, Іванград, Кляшчэеўку і Невельскае. Пры гэтым расейскія крыніцы працягваюць сцвярджаць, што Іванград знаходзіцца пад іхным кантролем. Пры гэтым амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) фіксуе ўкраінскі кантроль над населеным пунктам, таксама крыніца пацвярджае поспехі ЗСУ ў іншых месцах каля Бахмуту і на яго ўсходніх ускрайках, у прыватнасці, гаворыцца пра кантроль ЗСУ над бетонным заводам. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пажарны Максім з атраду размініравання ўкраінскіх службаў надзвычайных сітуацый шукае наземныя міны і іншыя неразарваныя прадметы. Украіна, 25 кастрычніка 2022 г. Фота: CLODAGH KILCOYNE / Reuters / Forum

Па лініі фронту ў Запарожскай вобласці ніводны з бакоў канфлікту не праводзіў наступальных дзеянняў, пры гэтым наносіліся ўзаемныя артылерыйскія ўдары. Таксама ў рэгіёне працягваюць дзейнічаць украінскія дыверсанты. Так, ранкам 25 кастрычніка каля будынку запарожскай тэлекампаніі «ЗаТВ» у акупаваным Мелітопалі адбыўся выбух, у выніку якога пацярпелі прынамсі пяць асобаў, у тым ліку працаўнік тэлекампаніі.

Міністэрства абароны РФ паведамляе, што ў Херсонскай вобласці ЗСУ атакавалі ў бок населеных пунктаў Ішчанка і Брускінскае, «WarGonzo» піша і пра атаку на ваколіцы Пяціхаткі. Між тым аналітыкі ISW мяркуюць, што Узброеныя сілы РФ рыхтуюцца да абароны Херсону, пра што сведчаць мініраванне мастоў у рэгіёне, а таксама заявы расейскіх уладаў пра стварэнне тэрабароны ў абласным цэнтры. Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч гаворыць, што цяпер расейскія сілы паспяхова трымаюць абарону ў рэгіёне, што ў першую чаргу звязана з асаблівасцямі мясцовасці, на якой украінскім сілам складана дзейнічаць незаўважна для праціўніка. Ваенны эксперт Алег Жданаў адзначае і колькасны рост расейскай групоўкі на правабярэжжы Дняпра, а таксама недахоп тэхнікі і ўзбраення ў ЗСУ, што таксама не спрыяе поспеху ўкраінцаў на гэтым участку фронту.

Генеральны штаб ЗСУ паведаміў, што за содні ўдалося ліквідаваць каля 400 расейцаў, такім чынам агульныя беззваротныя страты РФ з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны дасягнулі 68 420 чалавек. Аляксей Арэстовіч гаворыць, што ў сярэднім страты расейцаў пераўзыходзяць украінскія ў 6 разоў.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

ВК belsat.eu 

The post Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 25 кастрычніка appeared first on belsat.eu.


#Беларусь