Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 24 жніўня

«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 24 жніўня чытайце ў нашым аглядзе.

З моманту поўнамаштабнага ўварвання расейскага войска ва Украіну пайшоў 182-і дзень. Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, за гэты час страты акупантаў дасягнулі 45 700 чалавек забітымі.

На валынскім і палескім кірунках цягам апошніх содняў сітуацыя істотна не мянялася. Адзначаецца, што Узброеныя сілы Беларусі працягваюць узмоцнена ахоўваць дзяржаўную мяжу ў Берасцейскай і Гомельскай вобласцях.

На сіверскім кірунку агрэсар абстраляў ваколіцы населенага пункту Таўстадубава Сумскай вобласці. Пры гэтым расейцы працягваюць утрымліваць асобныя падраздзяленні сваіх войскаў на тэрыторыі Бранскай і Курскай вобласцяў з мэтай скоўвання ЗСУ на дадзеным кірунку.

На слабажанскім кірунку акупанты праводзяць баявыя дзеянні з мэтай утрымання раней занятых пазіцыяў. На харкаўскім кірунку расейцы абстралялі ваколіцы населеных пунктаў Аднарабоўка, Карасёўка, Баршчова, Перамога, Руская Лазавая, Замулоўка, Базалееўка, Пушкарнае, Масьпанава, Слабажанскае, Гусараўка і Чэпіль. Авіяўдары прыйшліся на тэрыторыях каля Масьпанава, Гусараўкі і Прудзянкі.

На славянскім кірунку расейскія абстрэлы былі зафіксаваныя каля Краснаполля і Мазанаўкі. Таксама расейцы намагаліся правесці выведку каля Багародзічнага, але былі выяўленыя ЗСУ, пасля чаго адышлі.

Аналітыка

Паўгода з расейскага ўварвання ва Украіну. Як за гэты час змяніліся бакі канфлікту і навакольны свет

2022.08.24 07:00

На краматорскім кірунку былі зафіксаваныя абстрэлы каля Сіверску, Закітнага і Раздолаўкі. Паветраная выведка з дапамогай беспілотнікаў праводзілася расейцамі каля Званаўкі і Райгарадку.

На бахмуцкім кірунку акупанты праводзілі наступальныя баі ў бок Бахмуцкага і Кодземы, але поспеху не мелі. Варожыя абстрэлы былі зафіксаваныя каля населеных пунктаў Бахмут, Салядар, Зайцава і Белагораўка.

На аўдзееўскім кірунку падраздзяленні праціўніка праводзілі наступальныя баі ў бок населеных пунктаў Піскі і Невельскае, але поспеху не мелі.

Абстрэлы зафіксаваныя каля Мар’інкі, Піскоў, Няйталава, Краснагораўкі і Залізнага, авіяўдар – каля Невельскага. На навапаўлаўскім кірунку акупанты абстралялі ваколіцы населеных пунктаў Касцянцінаўка і Вуглядар.

На запарожскім кірунку абстрэлы зафіксаваныя каля населеных пунктаў Малыя Шчарбакі, Шаўчэнка, Залізнічнае, Чырвонае, Урэмаўка, Альгоўскае і Арэстапаль, авіяўдары – каля Альгоўскага і Новапалю.

Разам з тым у акупаваным Запарожжы ліквідавалі чарговага калабаранта – прарасейскага кіраўніка пасёлку Міхайлаўка Івана Сушко. Выбуховая прылада была закладзеная пад сядзенне аўтамабіля. Пасля выбуху Сушко быў жывы, аднак знаходзіўся ў крытычным стане. Пазней ён памёр у больніцы.

На паўднёвабужскім кірунку свае асноўныя намаганні расейцы засяродзілі на ўтрыманні раней занятых пазіцыяў і на недапушчэнні контрнаступу ўкраінскіх сілаў.

Пры гэтым абстрэлы ўкраінскіх пазіцыяў былі зафіксаваныя каля населеных пунктаў Сцепавая Даліна, Новая Зара, Таўрыйскае, Засілле, Новамікалаеўка, Шырокае, Кобзарцы, Партызанскае, Лазавая, Белая Крыніца, Дабранка, Асакораўка, Пацёмкіна і Трудалюбаўка.

Авіяўдары расейцы нанеслі па ваколіцах Пацёмкіна і Лазавога. Паветраную выведку акупанты праводзілі каля населеных пунктаў Сухі Ставок і Вялікае Артакова.

Hавiны

Борыс Джонсан прыбыў у Кіеў нягледзячы на пагрозу масіраваных абстрэлаў гораду

2022.08.24 17:34

У амерыканскім Інстытуце даследавання вайны мяркуюць, што камандзіры вайсковых груповак, якія ваююць ва Украіне, падпарадкоўваюцца непасрэдна Уладзіміру Пуціну, абыходзячы Міністэрства абароны і Генштаб.

24 жніўня прэм’ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль распавёў, што Украіна за шэсць месяцаў выдаткавала на вайну 420 мільярдаў грыўняў (каля 11,4 мільярда долараў ЗША). Амаль 70 % вайсковых выдаткаў (288 мільярдаў грыўняў) пайшлі на заробак вайскоўцам, а 135 мільярдаў грыўняў – на набыццё і рамонт вайсковай тэхнікі, закупку боепрыпасаў і прадукцыі абароннага прызначэння. Пры гэтым адзначаецца, што саюзнікі за гэты час аказалі Украіне дапамогу памерам у 14 мільярдаў долараў.

У гэты ж час Белы дом абвясціў выдзяленне Украіне найбуйнейшага пакету вайсковай дапамогі – на 2,98 мільярда долараў, у рамках якога плануецца перадаць зброю і абсталяванне. Associated Press адзначае, што ў адрозненне ад большасці папярэдніх пакетаў дапамогі, новае фінансаванне ў асноўным накіравана на тое, каб дапамагчы Украіне сфармаваць сістэму абароны на сярэднетэрміновую і доўгатэрміновую перспектыву.

Разам з тым на сайце Пентагону апублікавалі яшчэ адзін пакет вайсковай дапамогі Украіне. Яго аб’ём – амаль $ 775 млн. Гэты пакет уключае ў сябе ракеты для сістэмаў залпавага агню, 1000 «Джэвэлінаў», 2000 супрацьтанкавых снарадаў, 16 лёгкіх 105-міліметровых гаўбіцаў і 36 тысяч снарадаў да іх, супрацьрадыёлакацыйныя ракеты AGM-88 HARM, 15 выведных беспілотнікаў «ScanEagle», супрацьтанкавыя комплексы «Tow», а таксама тактычныя сродкі сувязі з абароненымі каналамі, выбухоўка, прыборы начнога бачання, цеплавізары, аптычныя і лазерныя дальнамеры. Эксперты мяркуюць, што ЗСУ могуць выкарыстаць гэтую дапамогу для наступу.

Hавiны

ЗША перададуць Украіне новы пакет вайсковай дапамогі. ЗСУ могуць выкарыстаць яго для наступу, лічаць эксперты

2022.08.24 08:10

BK belsat.eu


#Беларусь