Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 23 кастрычніка

«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 23 кастрычніка чытайце ў нашым аглядзе.

Цягам мінулых содняў Збройныя сілы Украіны працягвалі атакаваць расейскія пазіцыі ў паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці. Міністэрства абароны РФ паведамляе пра расейскую атаку на ваколіцы сяла Бераставое, тэлеграм-канал «Рыбарь» піша пра вядзенне выведкі ЗСУ па лініі населеных пунктаў Ліман Першы – Першатраўневае – Кіслоўка. Пры гэтым «Рыбарь» мяркуе, што ўкраінскае камандаванне рыхтуецца да расейскага наступу з боку Гараб’ёўкі, таму ўкраінскія войскі занялі абарону каля населеных пунктаў Сінькаўка і Петрапаўлаўка.

Украінскі танк. Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook 

У Луганскай вобласці ЗСУ атакавалі ваколіцы Куземаўкі, а таксама правялі выведку боем па лініі Райгародок – Кавалёўка. Тэлеграм-канал «WarGonzo» паведамляе пра штурмавыя дзеянні войскаў РФ у лясным масіве каля Ямпалю. Пры гэтым Генеральны штаб ЗСУ піша пра адбіццё расейскай атакі каля Белагораўкі.

 На поўначы Данецкай вобласці ўкраінскія вайскоўцы спрабавалі прарваць лінію абароны праціўніка на ўсход ад Новасадовага і Торскага. «Рыбарь» піша пра падрыхтоўку ЗСУ да маштабнага контрнаступу на Крэмінную па лініі Торскае – Церны, дзеля чаго цяпер перакідаюцца дадатковыя сілы ў ваколіцы Ліману. Крыніца мяркуе, што перад гэтым украінцы плануюць вызваліць сяло Неўскае з далейшым выхадам да Чырвонапапоўкі, каб забяспечыць зручны плацдарм для контрнаступу.

Украінскі вайсковец. Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

У цэнтральнай частцы Данецкай вобласці Збройныя сілы Украіны адбілі расейскія атакі ў ваколіцах населеных пунктаў Бахмут, Бахмуцкае, Іванград, Мар’інка, Салядар, Азаранаўка і Адрадаўка. Пры гэтым «Рыбарь» заяўляе, што расейскія падраздзяленні змаглі выціснуць ЗСУ на запасныя рубяжы каля Адрадаўкі, «WarGonzo» паведамляе, што штурм Салядару працягваецца.

У сваю чаргу ЗСУ правялі выведку боем каля Серабранкі ў Бахмуцкім раёне, атакавалі пазіцыі расейцаў каля Кляшчэеўкі ў тым жа раёне, каля Новаміхайлаўкі і Слаўнага ў Мар’інскім раёне і каля Мікольскага ў Валнавахскім раёне.

Па лініі фронту ў Запарожскай вобласці ніводны з бакоў канфлікту не праводзіў наземныя аперацыі, пры гэтым працягваецца абмен артылерыйскімі ўдарамі.

Украінскі вайсковец. Фота: 17-та окрема танкова Криворізька бригада імені Костянтина Пестушка/ Facebook

У Херсонскай вобласці ЗСУ працягнулі шукаць слабыя месцы ў абароне праціўніка на паўночным участку лініі фронту, атакуючы каля населеных пунктаў Брускінскае, Пяціхатка, Кашара, Суханава і Ішчанка.

Генштаб ЗСУ паведамляе, што цягам содняў было знішчана каля 400 расейскіх вайскоўцаў, такім чынам агульныя беззваротныя страты РФ з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны дасягнулі 67 470 чалавек.

 

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

 

ВК belsat.eu

The post Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 23 кастрычніка appeared first on belsat.eu.


#Беларусь