Борыс Джонсан прыбыў у Кіеў нягледзячы на пагрозу масіраваных абстрэлаў гораду

У Дзень Незалежнасці Украіны прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан наведаў Кіеў і сустрэўся з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. Візіт брытанскага палітыка ва ўкраінскую сталіцу не анансаваўся. 

«Тое, што адбываецца ва Украіне, важна для ўсіх нас. Таму я сёння ў Кіеве», – напісаў брытанскі прэмʼер у сваім Twitter.

Ён заявіў, што верыць у перамогу Украіны ў гэтай вайне і паабяцаў працягваць падтрымліваць «нашых украінскіх сяброў».

What happens in Ukraine matters to us all.

That is why I am in Kyiv today.

That is why the UK will continue to stand with our Ukrainian friends.

I believe Ukraine can and will win this war. pic.twitter.com/FIovnqJGTS

— Boris Johnson (@BorisJohnson) August 24, 2022

Уладзімір Зяленскі выклаў у сваім Telegram-канале відэа з Борысам Джонсанам у Кіеве.

Раней украінскія ўлады папярэджвалі, што ў Дзень Незалежнасці Украіны расейцы могуць узмацніць ракетныя абстрэлы ўкраінскай тэрыторыі. У тым ліку заяўлялася, што існуе высокая імавернасць ракетных удараў па Кіеву. Масавыя мерапрыемствы ў Кіеве былі забаронены, а працаўнікам установаў, размешчаных ва ўрадавым квартале ўкраінскай сталіцы, параілі з 22 да 26 жніўня працаваць з дому. Пра пагрозу новых масіраваных удараў таксама папярэджвала амерыканская выведка.

Адначасова з візітам Джонсана офіс брытанскага прэмʼер-міністра абвесціў аб новым пакеце вайсковай дапамогі, які кіраўнік урада «прывёз» у Кіеў на Дзень Незалежнасці. Лондан дадаткова вылучае Украіне ўзбраення на 54 млн фунтаў, паведамляе Бі-Бі-Сі.

У тым ліку Кіеў атрымае 200 сучасных дронаў для назірання і беспілотнікаў-камікадзэ, якія можна выкарыстоўваць супраць танкаў і іншай цяжкай тэхнікі. Акрамя таго, будуць адпраўлены 850 нана-дронаў Black Hornet, якія прызначаны для выяўлення сілаў праціўніка.

Імаверна, гэта апошні візіт Джонсана ў Кіеў на пасадзе прэм’ер-міністра, бо ў верасні ён мусіць пакінуць сваю пасаду.

Аналітыка

Ці чакаць абвастрэння на беларускім кірунку ў Дзень Незалежнасці Украіны?

2022.08.23 07:22

Глеб Нержын belsat.eu


#Беларусь