Адвакат Сяргея Ціханоўскага пазбаўлены ліцэнзіі. Святлана Ціханоўская падзякавала яму за п…

Улады анулявалі ліцэнзію Віктара Мацкевіча – адваката Сяргея Ціханоўскага, паведамляе Telegram-канал «Тюрьма для жизни». Днямі юрыст не прайшоў пазачарговую атэстацыю ў міністэрстве юстыцыі.

Адвакаты Уладзімір Пыльчанка і Віктар Мацкевіч. Фота: «Право на защиту» / defenders.by

Віктар Мацкевіч, які днямі не прайшоў пазачарговую атэстацыю кваліфікацыйнай камісіі міністэрства юстыцыі, пазбаўлены ліцэнзіі адваката. Ён абараняў Сяргея Ціханоўскага, Алеся Бяляцкага, Ігара Аліневіча, Акіхіру Гаеўскага-Ханаду, Яўгена Юшкевіча і Віктара Бабарыку.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская, каментуючы ціск уладаў на адвакатаў, навала Мацкевіча прафесіяналам.

«Я дзякую яму за тую годнасць, з якой ён увесь гэты час рабіў сваю працу, і той клопат, які выяўляў у адносінах да майго мужа і іншых сваіх кліентаў. Гэта вельмі важна – мець дапамогу адваката, калі ты знаходзішся ў Беларусі: і як абаронцы, і як паплечніка, і як чалавека, які перадае навіны ад блізкіх», – адзначыла Ціханоўская.

Яна таксама сказала, што Сяргея Ціханоўскага не зломіць пазбаўленне абаронцы.

«За два з паловай гады рэжыму не ўдалося зламаць Сяргея. І гэты крок – не выключэнне», – падсумавала Ціханоўская.

Сёння таксама стала вядома, што савет Менскай гарадской калегіі адвакатаў пазбавіў ліцэнзіі Уладзіміра Пыльчанку – адваката Марыі Калеснікавай, Эдуарда Бабарыкі, Ірыны Слаўнікавай, Кацярыны Бахвалавай, Лявона Халатрана.

Паводле падлікаў праекту «Права на абарону», пасля выбараў 2020 года больш за 70 адвакатаў у Беларусі былі пазбаўленыя права на прафесію.

Hавiны

Адваката Марыі Калеснікавай і Эдуарда Бабарыкі пазбавілі ліцэнзіі

2022.12.09 18:27

Сяргей Крот belsat.eu

The post Адвакат Сяргея Ціханоўскага пазбаўлены ліцэнзіі. Святлана Ціханоўская падзякавала яму за працу appeared first on belsat.eu.

#Беларусь