Навукоўцы зафіксавалі першы ў свеце выпадак адначасовага заражэння ВІЧ, COVID-19 і воспай малпаў, паведамляе медыцынскі часопіс «Journal of Infection». Хворым аказаўся 36-гадовы італьянец, які вярнуўся з адпачынку ў Іспаніі.
Ён правёў у Іспаніі пяць дзён, з 16 па 20 чэрвеня, і пасля адчуў сябе дрэнна. Праз дзевяць дзён пасля адпачынку ў яго павысілася тэмпература да 39 °С, з’явіўся боль у горле, галаўны боль, запаліліся лімфавузлы. Ён звярнуўся ў італьянскі шпіталь у горадзе Катанія, дзе быў пераведзены ў аддзяленне інфекцыйных захворванняў.
Спачатку 2 ліпеня ён здаў станоўчы тэст на каронавірусную інфекцыю. Пазней у яго зʼявілася сып, язвавыя ўтварэнні распаўсюдзіліся па целе. У выніку праведзеных аналізаў медыкі дыягнаставалі ў яго таксама ВІЧ і воспу малпаў.
Пры гэтым адзначаецца, што пацыент, знаходзячыся раней у Іспаніі, меў неабаронены палавы кантакт.
У канцы ліпеня Сусветная арганізацыя аховы здароўя аб’явіла распаўсюджванне воспы малпаў надзвычайнай сітуацыяй сусветнага маштабу. На 17 жніўня ў 92 краінах свету зарэгістравана 35 тысяч выпадкаў захворвання на воспу малпаў, памерлі 12 чалавек.
Таксама кіраўнік Сусветнай арганізацыі здароўя Тэдрас Адханам Гебрэесус 18 жніўня паведамляў, што за апошнія чатыры тыдні колькасць зарэгістраваных смерцяў ад каронавіруса ва ўсім свеце павялічылася на 35 %.
Алена Рувіна belsat.eu
#Беларусь
Comments
No comments yet. Be the first to react!