Ідыёлагі хочуць пазбавіцца беларускай лацініцы ў напісанні тапанімічных назваў

На Рэспубліканскім савеце па гістарычнай палітыцы ў Менску абмеркавалі выкарыстанне лацініцы і кірыліцы ў напісанні назваў населеных пунктаў, вуліцаў і станцый метро. Прапануюць пісаць назвы кірыліцай, а з лацінскай транскрыпцыі выкінуць дыякрытычныя знакі. Аб гэтым БелТА паведаміў старшыня грамадскага абʼяднання «Веды» Вадзім Гігін.

Вадзім Гігін расказаў падрабязнасці абмеркавання на паседжанні савеца па гістарычнай палітыцы, якое адбылося 8 снежня ў Менску, пытанняў транслітарацыі тапанімічных назваў пры перадачы іх лацінскімі літарамі.

«На савеце было прапанавана перадаваць тапанімічныя назвы на дзяржаўных мовах. Пры гэтым у выпадку так званай раманізацыі, гэта значыць перадачы беларускай мовы лацінскімі літарамі, не выкарыстоўваць дыякрытычныя знакі. Абмяркоўвалася выкарыстанне на таблічках з назвамі вуліц, станцый метро і гэтак далей толькі дзяржаўных моў, гэта значыць толькі кірылічных надпісаў», – расказаў Гігін.

У Менскім метро пакуль што кірылічныя надпісы дубляваныя беларускай лацініцай з унікальнымі літарамі. Фота: «Минск-Новости» / minsknews.b

Пра прычыны і мэты абмеркавання гэтага пытання перад паседжаннем савету па гістарычнай палітыцы расказаў кіраўнік «Адміністрацыі прэзідэнта» Ігар Сяргеенка па пытанні транслітарацыі ў геаграфічных назвах вуліц і населеных пунктаў паступаюць звароты грамадзян.

«Паколькі паступаюць асобныя звароты грамадзян па гэтым пытанні, ім не ўсё зразумела. Таму мы вырашылі гэтае пытанне разгледзець і ўнесці яснасць, як далей мы будзем выкарыстоўваць у назвах вуліц, населеных пунктаў, у транспарце лацінку», – цытуе Сяргеенку газета «СБ. Беларусь сегодня»

Пры асвятленні названага паседжання дзяржаўнымі СМІ першапачаткова па каналах агенцыі БелТА было распаўсюджана паведамленне са словамі Сяргеенкі, які казаў, што для транслітарацыі ў Беларусі плануецца выкарыстоўваць рускую мову, аднак пазней гэтую інфармацыю выдалілі.

Антон Тачняк belsat.eu

The post Ідыёлагі хочуць пазбавіцца беларускай лацініцы ў напісанні тапанімічных назваў appeared first on belsat.eu.

#Беларусь