Святлана Ціханоўская адзначыла, што гэты дзень «адгукаецца ў сэрцах і душах усіх свабодалюбных беларусаў».
«Сёння вы ахвярна бароніце і сваю волю, і незалежнасць Еўропы. Нашая краіна Беларусь зараз паняволеная, і расейскія агрэсары з беларускай зямлі падступна атакуюць мірныя ўкраінскія гарады і сёлы. Але беларускі народ, які ў 2020 годзе зрабіў выбар на карысць свабоды, не будзе вечна мець над сабой прыгнёту.
Гэта пацвярджаюць і беларускія ваяры ў складзе Узброеных сілаў Украіны, і нашыя адважныя партызаны, якія спынялі расейскія цягнікі, што рухаліся ў бок Украіны», – гаворыцца ў звароце.
Ціханоўская кажа, што цяпер пагроза незалежнасці Беларусі і Украіны сапраўды сур’ёзная. Паводле яе, рэжым Лукашэнкі ганебна ўцягнуў Беларусь у гэтую вайну, парушыў абяцанні перад украінскім народам і здрадзіў беларускай дзяржаўнасці.
«Мы ўжо ведаем, што для агрэсара Пуціна Беларусь і Украіна ўвогуле не павінны існаваць як дзяржавы. І гэта робіць нашую з вамі барацьбу супольнай. Бо без вольнай Украіны не будзе вольнай Беларусі, але і без вольнай ад тыраніі Беларусі не можа быць трывалай бяспекі для Украіны і для ўсёй Еўропы», – заявіла яна.
Паводле Ціханоўская, беларусы і ўкраінцы «разам павінны пераадолець гэты небяспечны этап, спыніць дыктатараў і пачаць наладжваць новыя адносіны паміж нашымі дзяржавамі, якія будуць мець за аснову агульначалавечыя каштоўнасці, еўрапейскую перспектыву і інтарэсы ўзаемнай і рэгіянальнай бяспекі».
«Мы верым у перамогу Украіны і будзем працягваць падтрымліваць украінскі народ у пабудове такой будучыні, якую ён сам абярэ», – падкрэсліла Ціханоўская.
Глеб Нержын belsat.eu
#Беларусь
Comments
No comments yet. Be the first to react!