«Гэта прэмія для беларускага народу». Жонка Алеся Бяляцкага заклікала свет памятаць пра зм…

У Осла адбылася прэс-канферэнцыя з лаўрэатамі сёлетняй Нобэлеўскай прэміі міру, паведамляе карэспандэнт «Белсату». Праваабаронцу Алеся Бяляцкага прадстаўляла ягоная жонка Наталля Пінчук. Яна назвала прэмію мужу прэміяй для ўсяго беларускага народу.

Кіраўніца «Цэнтру грамадзянскіх свабодаў» Аляксандра Мацвейчук, жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук, старшыня праўлення міжнароднага «Мемарыялу» Ян Рачынскі і кіраўніца Нарвежскага нобэлеўскага камітэту Бэрыт Райс-Аннэрсэн на прэс-канферэнцыі ў Осла, Нарвегія. 9 снежня 2022 года. Фота: «Белсат»

Жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук заклікала свет памятаць пра змаганне беларусаў. Яна выступіла ў Осла на прэс-канферэнцыі з лаўрэатамі сёлетняй Нобэлеўскай прэміі міру, перадае карэспандэнт «Белсату».

«На жаль, сітуацыя ў Беларусі такая, што людзі за права адстойваць сваю пазіцыю падвяргаюцца рэпрэсіям. Алесь – адзін з такіх людзей, але не адзіны прыклад», – адзначыла Наталля Пінчук.

Яна сказала, што вайна мае розныя праявы: захоп тэрыторыі, забойствы людзей і іншыя жахі.

«У Беларусі вайна іншага кшталту: схаваная, нябачная. Насельніцтва настолькі прыдушанае, што амаль не мае свайго слова. Прэмія для Алеся – гэта прэмія для беларускага народу. Памятайма, калі ласка, і пра нашую вайну – вайну беларускага народу», – заклікала Пінчук.

Жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук і кіраўніца Нарвежскага нобэлеўскага камітэту Бэрыт Райс-Аннэрсэн на прэс-канферэнцыі ў Осла, Нарвегія. 9 снежня 2022 года. Фота: «Белсат»

Кіраўніца Нарвежскага нобэлеўскага камітэту Бэрыт Райс-Аннэрсэн, у сваю чаргу, растлумачыла, чаму сёлета прэмію прысудзілі праваабаронцам з Беларусі, Украіны ды Расеі.

«Мы хацелі сказаць гэтай прэміяй для трох прадстаўнікоў розных краінаў, што часамі дасягненне міру ляжыць у руках грамадзянскай супольнасці, а не ў руках дзяржаваў», – заявіла Райс-Аннэрсэн.

Сёлета лаўрэатамі Нобэлеўскай прэміі міру сталіся кіраўнік беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, украінскі «Центр громадянських свобод» і расейская праваабарончая арганізацыя «Мемарыял».

Заўтра, 10 снежня, у Осла адбудзецца цырымонія ўзнагароджання. «Белсат» пакажа яе ў наўпроставым эфіры.

Hавiны

«Сігнал Лукашэнку і Пуціну». Каму разам з Бяляцкім далі Нобэлеўскую прэмію міру

2022.10.07 18:47

Сяргей Крот belsat.eu

The post «Гэта прэмія для беларускага народу». Жонка Алеся Бяляцкага заклікала свет памятаць пра змаганне беларусаў appeared first on belsat.eu.

#Беларусь