Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская падчас свайго візіту ў Польшчу ўзяла ўдзел у дыскусіі «Беларусь на ростанях», якая прайшла 8 снежня ў музеі гісторыі польскіх габрэяў «Polin». Імпрэза ладзілася з нагоды выхаду кнігі журналіста польскага выдання польскай «Rzeczpospolita» і калумніста «Белсату» Руслана Шошына «Lodołamaczka Swiatłana Cichanouska» («Ледаколка Святлана Ціханоўская»). Мы пабывалі на сустрэчы.
«Скажыце ж ужо Вячорку…»
Беларусам Варшавы сёлета не вельмі шанцуе. Другі раз запар графік візіту Святланы Ціханоўскай у польскай сталіцы складаецца так, што спатканне з дыяспарай папярэднічае сустрэчы з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам. Адсюль – спешка, напружанасць і людзі, якія пастаянна нешта нашэптваюць на вуха вядоўцам імпрэзаў.
«Скажыце ж ужо хто-небудзь Вячорку, каб наступным разам месцамі з Дудам памяняў, а то ў Святланы часу на народ бракуе», – жартуе яшчэ перад пачаткам сустрэчы адзін з беларусаў.
Часу сапраўды было мала. Дыскусія «Беларусь на ростанях» пачынаецца на 12 хвілін пазней запланаванага часу. Святлану Ціханоўскую сустракаюць стоячы. З воплескамі. З залы гучыць «Жыве Беларусь!». Гераіня кнігі Руслана Шошына і абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская сур’ёзная і засяроджаная. Усміхаецца адно на пачатку сустрэчы.
Калі ледакол ідзе наперад
Першае пытанне мадэратаркі сустрэчы – польскай журналісткі Агнэшкі Ліхняровіч, тычылася «ледакольнай» метафары ў назве кнігі.
«Ледаколка, «лёдаламачка» – мне насамрэч вельмі спадабаўся такі падыход аўтара. Але ведаеце, сэнс у тым, што ніводны карабель, ніводны ледакол не пойдзе наперад, калі на гэтым ледаколе кожны чалавек не будзе рабіць патрэбную справу.
Так што не адзін капітан, а толькі калі кожны на сваім месцы і робіць справу – толькі тады гэты ледакол ідзе наперад», – патлумачыла Святлана Ціханоўская, папрасіўшы перад гэтым прабачэння за спазненне (затрымка з самалётам у Гданьску).
Святлана Ціханоўская размаўляла па-беларуску. Адказваючы на пытанне, у чым яе сіла, прызналася, што сілы ў яе, магчыма, не так і шмат і што кожная «моц не можа быць раскрытая, калі вакол яе няма людзей». Менавіта прысутнасць побач натхнёных і мэтанакіраваных беларусаў, па словах Ціханоўскай, прыдавала і прыдае ёй сілы.
«Я ішла побач з імі, не вырываючыся наперад, і ніколі не казала, што я тут, наперадзе, а вы недзе там, па-за мной, – толькі разам», – сцвердзіла лідарка дэмакратычнай Беларусі.
Самая вялікая памылка
Спадарыню Ціханоўскую спыталі і пра памылкі.
«Вялікая памылка ў маім жыцці – гэта тое, што я, як насамрэч і мільёны іншых беларусаў, не цікавіліся Беларуссю ўсе гэтыя гады. Мы жылі сваімі жыццямі і не далучаліся ўсе гэтыя 28 гадоў да тых людзей, якія стаялі наперадзе. Такіх як Мікалай Статкевіч, як Павел Севярынец, як Аляксандр Мілінкевіч ды іншыя. Яны былі наперадзе, а мы… ну хай яны там нешта робяць, а мы пажывем ды пабачым», – казала Святлана Ціханоўская.
Па яе словах, «мы самі дапусцілі такую сітуацыю, у якой апынуліся, бо да 2020 года людзі спалі» і не звярталі ўвагі на тых, хто даўно ўжо біў у званы. «Гэта самая-самая вялікая памылка наша», – падкрэсліла Святлана Ціханоўская.
«Не ведалі сваёй гісторыі, не цікавіліся беларускай мовай – жылі як жылося. Мы былі не адным ледаколам, а былі шматлікімі лодачкамі, якія проста плылі па цячэнні», – зноў вярнулася да карабельнай метафары выступоўца.
«У мяне проста такі лёс»
Калі ў аўтара «Ледаколкі» Руслана Шошына запыталіся, што б ён мог сёння дапісаць наконт феномену Ціханоўскай, ён сказаў пра шчырасць гераіні і прэзідэнткі.
«Ключавы фактар – шчырасць. Шчырасць зрабіла сваё. Беларусы бачылі проста шчырага чалавека», – адказаў Руслан Шошын.
На сустрэчы ў музеі «Polin» Святлана Ціханоўская таксама, як падаецца, была шчырая. Не рабіла выгляду разняволенай і нічым не заклапочанай. Казала пра цяжкія часіны і пра вялікі кошт, які плацім «за доўгія гады маўчання» («Але мы павінныя праз гэта прайсці»).
«Вось вы кажаце: Святлана Ціханоўская зʼявілася. Не зʼявілася б Святлана Ціханоўская без Сяргея Ціханоўскага… Не было б мяне без Віктара Бабарыкі, без Машы Калеснікавай, без Веранікі Цапкалы. А нас не было б без усіх тых лідараў, якія перад гэтым рабілі справу замест усіх беларусаў. І гэта ўсё проста выбухнула ў 2020 годзе. А ў мяне проста такі лёс, што стала побач з беларусамі», – сказала Святлана Ціханоўская.
На жаль, мікрафон так і не перадалі слухачам у зале (шмат пра што хацелася запытацца). Мадэратарка паведаміла, што планы «пані прэзідэнткі» троху мяняюцца і сціскаюцца і што ёсць толькі некалькі хвілінаў на аўтограф-сесію ў вестыбюлі. Пасля гэтага дыскусія пра «Беларусь на ростанях» працягнулася без абранай прэзідэнткі і большай часткі беларусаў, якія сталі ў чаргу, каб атрымаць яе аўтограф.
«У Беларусі боль жыве»
Апошняе, пра што казала на сустрэчы Святлана Ціханоўская, было пра Беларусь, у якой «жыве боль».
«Мару аб тым, каб нашыя палітзняволеныя выйшлі з турмаў. Дзеля гэтага мы мусім працаваць кожны божы дзень, не спыняцца ні на хвіліну», – сказала Святлана Ціханоўская.
Атрымаць яе аўтограф усе ахвотныя не паспелі. Зноў спешка. Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка раіў перадаць непадпісаныя асобнікі яму, а потым забраць ужо ў гатэлі, пасля сустрэчы спадарыні Ціханоўскай з прэзідэнтам Польшчы. Шчоўканне фотаапаратаў. Святлана Ціханоўская камусьці пасміхаецца і ідзе да ліфта, зноў сканцэнтраваная і сурʼёзная. Імкліва праходзіць праз натоўп. Ледаколка.
«Беларусь будзе вольнай», – напісала яна ў нашым асобніку кнігі. І распісалася.
Зміцер Міраш belsat.eu
The post «Былі не ледаколам, а лодачкамі». Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Варшаве з чытачамі «Ледаколкі» appeared first on belsat.eu.
#Беларусь
Comments
No comments yet. Be the first to react!