«Беларускі Гаюн» зафіксаваў новыя запускі ракетаў з тэрыторыі Беларусі

Маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» паведамляе пра запускі ракетаў з тэрыторыі Беларусі і актыўныя палёты вайсковай авіяцыі.

Паводле інфармацыі праекту, каля 17:13 два расейскіх бамбавіка з беларускай паветранай прасторы (Мазырскі раён) нанеслі ракетныя ўдары па Хмяльніцкай вобласці.

Паведамляецца пра выбухі ў Хмяльніцкай і Жытомірскай вобласці. Але ўкраінскі бок не ўдакладняе, адкуль былі запушчаны ракеты.

У 18:26 «Беларускі Гаюн» зафіксаваў пралёт самалётаў каля Магілёву. Сцвярджаецца, што расейскі бамбавік Ту-22 зайшоў у паветраную прастору Беларусі з Расеі і запусціў ад адной да двух ракетаў над Уздзенскім раёнам.

У Лідзе і Баранавічах зафіксаваныя вылеты вайсковай авіяцыі. Праўда, у Баранавічах гэта, імаверна, звязана з трэнаваннем, удакладняе «Беларускі Гаюн».

Аператыўнае камандаванне «Поўнач» таксама паведамляе, што ў памежнай з Беларуссю Чарнігаўскай вобласці працуе СПА, быў знішчаны беспілотнік. Пра гэтым украінскі бок не ўдакладняе, ці звязана гэта атака з беларускім кірункам.

Нагадаем, сёння Аляксандр Лукашэнка павіншаваў украінцаў з Днём Незалежнасці і пажадаў ім «мірнага неба».

Глеб Нержын belsat.eu


#Беларусь